Балёнскі працэс не прадугледжвае працэдуры выключэньня, але сяброўства пэўнай краіны могуць часова прыпыніць.
Беларусь увайшла ў Балёнскі працэс з «агаворкамі» ў 2015 годзе і за пяць гадоў ня выканала амаль ніводнага патрабаваньня, якое выстаўлялі міністры Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.
Сярод патрабаваньняў, абавязковых для выкананьня:
• Пашырэньне аўтаноміі ўнівэрсытэтаў
• Дазвол на рэгістрацыю студэнцкіх ініцыятыў па заяўцы
• Допуск студэнтаў да ацэнкі адукацыйных праграмаў
• Пашырэньне акадэмічных свабодаў
Ці выключаць Беларусь з Балёнскага працэсу, разьбіраемся з экспэртам
З 28 кастрычніка ў Беларусі масава адлічваюць студэнтаў з палітычных матываў. Гэта супярэчыць Балёнскаму працэсу, куды Беларусь прынялі з агаворкамі ў 2015 годзе. Ці могуць яе выключыць, разьбіраемся.
У беларускіх ВНУ працягваюцца адлічэньні студэнтаў за ўдзел у акцыях пратэсту, вядома ўжо пра дзясяткі выпадкаў. Такія адлічэньні прайшлі ў вядучых ВНУ Беларусі: МДЛУ, Акадэміі мастацтваў, Беларускім унівэрсытэце культуры і мастацтваў ды іншых.
Прысутнасьць сілавікоў у ВНУ, а таксама адлічэньні з палітычных матываў супярэчаць прынцыпам Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі («Балёнскі працэс»), куды Беларусь з агаворкамі прынялі ў 2015 годзе. Беларусі тады выставілі канкрэтныя патрабаваньні, абавязковыя для выкананьня. Сярод іх павышэньне ўнівэрсытэцкай аўтаноміі. Але за 5 гадоў выкананыя яны не былі.
Ці могуць Беларусь выключыць з Балёнскага працэсу?
Працэдура выключэньня з Балёнскага працэсу не прадугледжаная. Пра гэта кажа сябра Грамадзкага Балёнскага камітэту Ўладзімер Дунаеў.
«Такой працэдуры выгнаньня не існуе, таму сумняваюся, што гэта можа адбыцца, нягледзячы на парушэньне ўсіх каштоўнасьцяў. Рэакцыі чакаць варта на саміце міністраў адукацыі, які пройдзе ў Рыме 19 лістапада. Ёсьць шэраг прапаноў. Месяц таму была прапанова стварыць працоўную групу, якая б маніторыла і ацаніла сытуацыю з акадэмічнымі каштоўнасьцямі і свабодамі», — кажа Ўладзімер Дунаеў.
Выгнаць ня могуць, але могуць прыпыніць сяброўства Беларусі ў Балёнскім працэсе. Такая працэдура ў Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі існуе.
«Шанцаў на гэта няшмат, бо ў Балёнскім працэсе Азэрбайджан, Турэччына, дзе рэпрэсіі супраць выкладчыкаў і студэнтаў былі яшчэ больш маштабныя, але гэта не прывяло да санкцыяў. Кіраўніцтва беларускіх унівэрсытэтаў — чыноўнікі, якіх прызначаюць зьверху, ім усё адно, што пра іх думае акадэмічная супольнасьць», — кажа Ўладзімер Дунаеў.
Патрабаваньняў Балёнскага працэсу Беларусь так і ня выканала
У 2018 годзе Балёнская працоўная група зафіксавала, што патрабаваньняў Беларусь ня выканала: не былі зробленыя крокі дзеля пашырэньня ўнівэрсытэцкай аўтаноміі, умацаваньня акадэмічных свабодаў.
Да 2020 году Беларусь мусіла:
• Адмовіцца ад пяцігадовага навучаньня на бакаляўрэаце
• Перагледзець сыстэму разьмеркаваньня
• Уключыць студэнтаў у ацэнку адукацыйных праграмаў
• Дазволіць рэгістрацыю студэнцкіх аб’яднаньняў па заяўным прынцыпе
• Пашырыць аўтаномію ўнівэрсытэтаў
Амаль нічога з гэтых патрабаваньняў не было выканана.