Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Правяраючыя выбачаліся, казалі што самі ў шоку». Чаму зачыняюць бары ў Менску?


Ілюстрацыйнае фота. Кавярня «Трэцяе месца» ў Горадні, якая 26 кастрычніка разам зь іншымі ўстановамі не працавала
Ілюстрацыйнае фота. Кавярня «Трэцяе месца» ў Горадні, якая 26 кастрычніка разам зь іншымі ўстановамі не працавала

Шэраг установаў у Менску, якія з розных прычын не працавалі 26 кастрычніка, зачыняюцца паводле рашэньня санітарна-эпідэміялягічнай службы і Міністэрства аховы здароўя. Post Bar і «Перасьмешнік» ня будуць працаваць цягам трох месяцаў — да 29 студзеня.

Паводле мэдыя, праверкі санітарна-эпідэміялягічнай службы прайшлі таксама ў бары Svobody, 4, нэабістро «Умами», Brioche Bistro, піцэрыях Domino’s Pizza і «Піцца Лісіцца».

«Гэта паставіць пад пагрозу наша існаваньне як малога бізнэсу»

Дырэктар віннага бара Post Bar Аляксандар расказаў, што ўстанова не працавала 26 і 27 кастрычніка з прычыны плянавага рамонту. Учора ў бар прыйшлі прадстаўнікі санітарна-эпідэміялягічнай службы Цэнтральнага раёну для «мерапрыемства тэхнічнага характару».

«Гэта была не праверка, бо для яе яны павінны былі нас папярэдзіць загадзя, прадставіць дакумэнты, скласьці акт парушэньняў. А гэта было нейкае тэхнічнае мерапрыемства, якога мы дагэтуль не сустракалі. Прыйшлі раптоўна, акта таксама ніякага не было, мне проста паказвалі фатаздымкі. І на падставе выпісанага патрабаваньня, якое спасылаецца само на сябе, нас зачынілі на тры месяцы, да 29 студзеня».

Сёньня ў бар прыйшлі прадстаўнікі МНС.

«Мы ім сказалі, што нас зачынілі. Яны сказалі: ага, зразумела, — і пайшлі. Сказалі, пойдзем далей», — кажа Аляксандар.

Асноўнай прэтэнзіяй санэпідслужбы было тое, што ў бары працавалі бяз масак і пальчатак, што «прадстаўляе пагрозу для жыцьця і здароўя грамадзян». Таксама не спадабалася, што не была памытая мультыварка пасьля кашы і на батарэі быў пыл.

«Гэта была не праверка, а нейкае дзіўнае мерапрыемства, і прыйшлі супрацоўнікі з аддзелу, які займаецца школамі, бо не хапала супрацоўнікаў. Таму пакараньне ў такім выглядзе я не лічу справядлівым, бо зачыніць нас на тры месяцы і паставіць пад пагрозу наша існаваньне як малога бізнэсу — несувымерна з выяўленымі парушэньнямі».

Паводле Аляксандра, асноўная падстава для закрыцьця зьвязаная з тым, што бар не працаваў 26 кастрычніка.

«Атрымліваецца, што прыходзяць да тых, хто не працаваў 26 кастрычніка. Да гэтага мы не працавалі 16-га, за што нас выклікалі ў адміністрацыю раёну і мы плацілі штраф».

Паводле Аляксандра, выправіць парушэньні можна было цягам дня: набыць маскі і прыбрацца. У панядзелак ён паспрабуе запрасіць санэпідэмслужбу для паўторнага агляду. Бо немагчымасьць працаваць цягам трох месяцаў раўназначная поўнаму закрыцьцю бара.

«Людзі пытаюцца, як нам дапамагчы»

Бар «Перасьмешнік» сёньня зачынены на неплянаваны сандзень. Гэта зьвязана з тым, што ўчора ўвечары сюды прыйшлі прадстаўнікі санэпідэмслужбы Цэнтральнага раёну Менску і вынесьлі прадпісаньне зачыніць бар да 29 студзеня 2021 году «да ліквідацыі парушэньняў». Бару забаранілі гатаваць ежу і нават выкарыстоўваць службовы транспарт. Паводле кантралёраў, на падлозе не было разьметкі для рассадкі наведнікаў і не захоўваўся масачны рэжым у сувязі з эпідэміяй COVID-19.

Супрацоўнікі бара кажуць, што выяўленыя парушэньні нязначныя і сёньня яны ўжо выпраўленыя. Дырэктарка «Перасьмешніка» Вольга сказала Свабодзе, што сёньня ўжо адвезла ў санэпідэмстанцыю хадайніцтва, каб адмянілі прадпісаньне.

«Там сказалі, што будуць разглядаць. Але адказ, відаць, ужо будзе пазьней, бо наперадзе выходныя», — кажа Вольга.

26 кастрычніка бар «Перасьмешнік» быў зачынены на сандзень, як і шэраг іншых установаў.

«Мы разумеем, за што нас зачынілі, бо мы не працавалі 26 кастрычніка. Праверкі прыйшлі менавіта ў тыя ўстановы, якія не працавалі ў гэты дзень. Правяраючыя выбачаліся, казалі, што самі ў шоку, маўляў, ім сказалі і яны робяць. Усе супрацоўнікі бара ўсё разумеюць, бо мы разам прынялі рашэньне не працаваць 26-га, таму ўсе салідарныя».

Вольга раней казала журналістам, што будзе знаходзіцца ў санэпідэмслужбе, пакуль яе хадайніцтва не задаволяць. Але калі прыйшла туды, то там нікога не было, усе работнікі былі на выезьдзе.

«Будзем спрабаваць, каб нас адчынілі, спадзяюся, што атрымаецца. А пакуль патэлефанавалі кліентам, якія замаўлялі столікі, цяпер жа Хэлоўін. Паведамілі, што бар ня будзе працаваць. Людзі пытаюцца як можна нам дапамагчы. Але пакуль нам ніяк не дапаможаш, бо мы ня маем права працаваць. Для бізнэсу гэта складана, бо мы ледзь перажылі сытуацыю з эпідэміяй на пачатку году. А цяпер нас зачыняюць, гэта ж ня выйсьце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG