Сёньня ў амбасаду Беларусі ў Вільні была перададзеная нота Літвы з нагоды аднабаковага парушэньня Беларусьсю двухбаковага пагадненьня аб мяжы.
«Беларусь пасьля абеду ў чацьвер у аднабаковым парадку, не папярэдзіўшы Літву, і ў парушэньне прадугледжаных у двухбаковым парадку дамоваў часткова закрыла мяжу зь Літвой. У ноце заклікаем растлумачыць гэтае парушэньне двухбаковага пагадненьня і забясьпечыць, каб такія парушэньні не паўтараліся», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Літвы.
Увечары 29 кастрычніка грамадзяне Беларусі на працягу некалькіх гадзін не маглі ўехаць у краіну з сумежных дзяржаваў (акрамя Расеі) у сувязі з прынятым рашэньнем аб часовым абмежаваньні ўезду з Украіны, Латвіі, Літвы і Польшчы.
«Грамадзян Беларусі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь прапускаюць. Ёсьць абмежаваньні што да фізычных асобаў, якія прыбываюць і плянуюць прыбываць з тэрыторый суседніх з намі дзяржаў. Ёсьць паўнамоцтвы ў памежнікаў прымаць у тым ліку і прыватныя рашэньні ў залежнасьці ад сытуацыі, якая складаецца з тым, хто перасякае мяжу», — сказаў прадстаўнік ДПК Антон Бычкоўскі.
Менсктранс у сваім тэлеграме паведаміў, што міжнародныя рэйсы аднавіліся ад 7-й гадзіны 30 кастрычніка.