30 кастрычніка ў 17.00 берасьцейскія лекары Руслан Брынчук і Віктар Клімовіч выйшлі з плякатам «Звальняючы лекараў, скарачаеце жыцьці» да скрыжаваньня праспэкту Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Праз 15 хвілін лекараў дзіцячай абласной бальніцы затрымалі міліцыянты, паведамляе Tut.by.
На акцыю салідарнасьці берасьцеец Руслан Брынчук адправіўся пасьля працы. У 16.45 ён выйшаў зь Берасьцейскай дзіцячай абласной бальніцы ў суправаджэньні калегі-хірурга Рамана Клімовіча. З сабой у Руслана былі плякат і ссабойка: бялізна, цыгарэты, пашпарт:
— Я не магу глядзець на тое беззаконьне, якое робіцца кожны дзень, калі праліваецца кроў... Калі раней зьбівалі, ламалі жыцьці дарослым, то цяпер пераключыліся на дзяцей. Ня ведаю, з чым мы застанёмся. Таму я не магу маўчаць, і я гатовы выйсьці і выказаць сваю пазыцыю.
У 17.00 Руслан і Раман надзелі белыя халаты, сталі на клюмбу і разгарнулі плякат. Да іх далучыліся яшчэ дзьве жанчыны з плякатамі «Хопіць крыві», «Пасадзіш нас сёньня, хто ўратуе цябе заўтра?». Празь некалькі хвілін ланцуг салідарнасьці мэдыкаў вырас да пятнаццаці чалавек.
У 17.15 пачаліся затрыманьні. Усяго затрымалі чатырох лекараў: Руслана Брынчука, Рамана Клімовіча, Андрэя Вячорку і Дзьмітрыя Чайкоўскага.
Пасьля прафіляктычнай гутаркі лекараў адпусьцілі.
Сёньня з раніцы ў Менску ў «ланцугу салідарнасьці» на плошчы Перамогі таксама затрымалі чатырох мэдсёстраў 3-й гарадзкой стаматалягічнай паліклінікі Менску: Вераніку Русецкую, Вольгу Шышлоўскую, Вікторыю Кемеш і Натальлю Бурмістраву.
Усіх іх судзілі па двух артыкулах: 23.34 КаАП і 23.4 КаАП, кожнай у выніку далі па 1350 рублёў штрафу.