Дрон урэзаўся ў дзевяціпавярховы жылы будынак. У вынкіу атакі пацярпелі 6 чалавек, у тым ліку 12-гадовая дзяўчынка.
Празь некалькі гадзін яшчэ адзін дрон патрапіў у прыватны дом, пачаўся пажар. Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што ў выніку пацярпелі два чалавекі.
У Казані адзін за адным у жылы дом уляцелі два беспілётнікі. Відэа апублікавана Telegram-каналам Shot.
Беспілётнікі ўрэзаліся ў 37-павярховы жылы комплекс прэміюм-клясы «Блакітнае неба», піша Shot са спасылкай на відавочцаў. Па іх словах, у будынку пачаўся пажар, прылеглая тэрыторыя ачэпленая. Жыхароў выводзяць па лесьвіцах. Інфармацыі аб пацярпелых няма.
У мэрыі Казані пацьвердзілі пажары, спрычыненыя беспілётнікамі, у трох раёнах гораду
Раней сёньня Мінабароны Расеі паведаміла аб зьбіцьці ўкраінскага беспілётніка над Татарстанам каля 7:50 па маскоўскім часе.
У аэрапорце Іжэўска праз напады на Казань прыпыненыя палёты, паведаміў кіраўнік Удмуртыі Аляксандар Брачалаў. Увялі абмежаваньні на працу аэрапорту ў Саратаве.
- Паводле дадзеных ААН, ва Ўкраіне ад пачатку поўнамаштабнай вайны, разьвязанай Расеяй, загінулі 12340 цывільных асоб, яшчэ 27836 чалавек былі параненыя.
- Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць кропкавыя ўдары па цывільнай інфраструктуры Ўкраіны, забіваючы мірных жыхароў і руйнуючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб'екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
- Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
Форум