Мэдыкі Менскага абласнога клінічнага шпіталя заступіліся за анэстэзіёлягаў Ганну Сушчынскую і Ганну Карась, якіх затрымалі падчас акцыі салідарнасьці. Лекары дамагліся сустрэчы з галоўным лекарам шпіталя і высокім чыноўнікам Менаблвыканкаму. Кіраўніцтва запэўніла, што звальняць за палітычныя перакананьні нікога ня будзе.
«Белыя халаты»: Лекарам-пратэстоўцам выставілі ўльтыматум — звольніцца па ўласным жаданьні
Лекараў-анэстэзіёлягаў Менскага абласнога клінічнага шпіталя Ганну Карась і Ганну Сушчынскую ў аўторак у 16.30 выкралі невядомыя, калі пасьля заканчэньня працоўнага дня мэдыкі выйшлі падтрымаць затрыманых калегаў з РНПЦ «Кардыялёгія».
Аказалася, што жанчын павезьлі ў Бараўлянскі РАУС, пратрымалі там амаль тры гадзіны, склалі пратаколы «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве», зь якім тыя ня згодныя. Выпусьцілі мэдыкаў зь міліцыі позна ўвечары. Каля пастарунку іх чакалі калегі і сваякі, сустрэлі аплядысмэнтамі.
Раніцай 28 кастрычніка ў тэлеграм-канале «Белые халаты» зьявілася інфармацыя пра тое, што галоўны лекар Менскага абласнога клінічнага шпіталя Аляксандар Лінкевіч паставіў Сушчынскай і Карась ультыматум: альбо яны пішуць заявы па ўласным жаданьні, альбо ён знойдзе падставу звольніць іх па артыкуле.
Днём адбылася сустрэча супрацоўнікаў шпіталя з галоўным лекарам Аляксандрам Лінкевічам і намесьнікам начальніка абласнога ўпраўленьня аховы здароўя Менаблвыканкаму Зіновіем Гозманам.
Паводле «Белых халатаў», Лінкевіч настойваў, што адміністрацыя занепакоеная толькі арганізацыяй лячэбнага працэсу ва ўмовах недахопу спэцыялістаў. І паўтараў, што ніхто не забараняе выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю, калі гэта не парушае працоўны кодэкс.
Лекары пыталіся, навошта Лінкевіч пагражаў калегам звальненьнем, маўляў, яны ж пратэставалі пасьля працы, а раніцай зьявіліся на працоўным месцы. Казалі, што не дазволяць звальняць мэдыкаў з палітычных матываў. «Калі такія выпадкі будуць, то звольнімся ўсе. Будзеце самі лячыць, прышываць рукі і ногі», — казалі мэдыкі пад аплядысмэнты калег.
«Я нікому не пагражаў звальненьнем і ніякіх ультыматумаў не выстаўляў»
Свабода зьвязалася з галоўным лекарам Менскага абласнога клінічнага шпіталя Аляксандрам Лінкевічам. Ён зьняпраўдзіў інфармацыю, што плянаваныя апэрацыі ў сераду былі адмененыя, запэўніў, што шпіталь працаваў у штатным рэжыме.
Што да затрыманьня Ганны Карась і Ганны Сушчынскай, спадар Лінкевіч фактычна пацьвердзіў, што мэдыкі выказвалі сваю салідарнасьць пасьля працоўнага дня. Наконт пратаколаў і абвінавачваньняў жанчын у яго няма інфармацыі. Пацьвердзіў Лінкевіч і тое, што ў сераду раніцай Сушчынская і Карась зьявіліся на працу своечасова.
Зьняпраўдзіў ён і інфармацыю пра ўльтыматум згаданым лекаркам.
«Не было такога. Я нікому не пагражаў звальненьнем і ніякіх ультыматумаў не выстаўляў», — заявіў Лінкевіч Свабодзе.
Пацьвердзіў галоўны лекар, што перасьледу мэдыкаў з палітычных матываў ня будзе. Аднак на пытаньне, ці задаволены ён сустрэчай з калектывам, не пажадаў адказваць.