Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падтрымаў ідэю на заканадаўчым узроўні забараніць параўноўваць дзеяньні СССР і нацысцкай Нямеччыны. Зь ініцыятывай зрабіць больш жорсткім закон выступіла кіраўніца думскага камітэту па культуры Алена Ямпольская, паведамляе «РИА Новости».
Ямпольская заявіла, што ў Расеі публікуюцца і карыстаюцца папулярнасьцю ў моладзі кнігі, у якіх параўноўваюцца дзеяньні салдат Чырвонай арміі і нацысцкай Нямеччыны. «Мне здаецца, у нас ёсьць маральнае права зрабіць больш жорсткім закон, калі гаворка ідзе пра апаганеньне нашай гістарычнай памяці», — заявіла яна. Паводле дэпутаткі, яна рыхтуе адпаведны законапраект.
Пуцін пагадзіўся з ініцыятывай Ямпольскай. «Трэба акуратна, вядома, але зрабіць. Але калі ў некаторых краінах за адмаўленьне генацыду армян прадугледжана крымінальнае пакараньне, нам сам Бог загадаў, напэўна, уключаць адпаведныя мэханізмы для абароны зусім нядаўняга мінулага», — заявіў кіраўнік Расеі.
Пуцін неаднаразова выказваўся пра спробы «сказіць праўду пра Вялікую Айчынную вайну». У верасьні ён правёў для школьнікаў адкрыты ўрок, прысьвечаны 75-годзьдзю Перамогі. Тады ён назваў «сучаснымі калябарантамі» людзей, якія, як ён выказаўся, «згаджаюцца з ініцыятарамі перапісваньня гісторыі».
Прэзыдэнт Расеі таксама называў перапісваньнем гісторыі заяву Эўрапарлямэнту, у якой адказнасьць за разьвязваньне Другой сусьветнай вайны ўскладалася як на нацысцкую Нямеччыну, так і на СССР, які заключыў зь ёй так званы пакт Молатава — Рыбэнтропа. У пачатку гэтага году Пуцін уступіў у завочную палеміку з кіраўніцтвам Польшчы аб ролі СССР у нападзе на Польшчу, а летам апублікаваў артыкул у амэрыканскім выданьні National Interest, у якім фактычна назваў Польшчу адной зь вінаватых у разьвязваньні Другой сусьветнай вайны і выступіў у абарону савецкай трактоўкі пакту як дамовы, якая дазволіла СССР падрыхтавацца да нападу Гітлера. Сьцьвярджэньні Пуціна выклікалі рэзкую рэакцыю ў Польшчы і краінах Балтыі.
У нядаўна прынятых з ініцыятывы Пуціна папраўках да Канстытуцыі Расеі гаворыцца, што дзяржава павінна абараняць «гістарычную праўду».