На 63-гадовую пэнсіянэрку Алену Гнаўк, якая на мінулым тыдні выйшла пасьля 18 сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ), завялі крымінальную справу, паведаміла Tut.by яе дачка Аляксандра.
Паводле сваякоў, цяпер Алена Гнаўк праходзіць падазраванай па артыкуле за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК РБ).
Што канкрэтна інкрымінуюць Алене Пятроўне, невядома: яе адвакат зь ёй яшчэ не сустракаўся. Ад моманту затрыманьня 25 кастрычніка жанчына знаходзіцца ў ІЧУ.
28 кастрычніка яе чарговы раз будуць судзіць па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Дачка затрыманай Аляксандра лічыць, што падставай для крымінальнага перасьледу маглі паслужыць падзеі 13 верасьня. У тую нядзелю дэманстранты вадзілі карагоды на скрыжаваньні праспэкта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Разганялі людзей вадамётам. Па дадзеных на канец верасьня, па гэтым факце завялі 20 крымінальных спраў за «групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, якія прывялі да парушэньня працы транспарту». Расьсьледаваньнем «справы карагодаў» займаецца сьледчая група.
Tut.by зьвярнуўся па камэнтар да афіцыйнага прадстаўніка СК па Берасьцейскай вобласьці, але на момант публікацыі адказу не атрымаў.
Алену Гнаўк судзілі ўжо пяць разоў. Спачатку яна адбыла 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве — нядзельным маршы 4 кастрычніка. Пакуль Алена была ў ІЧУ, яе судзілі яшчэ два разы, але кожны раз справу накіроўвалі на дапрацоўку.
Пасьля арышту на свабоду яна ня выйшла: у той жа дзень Гнаўк судзілі чацьвёрты раз — ужо за марш 30 жніўня. Справу зноў накіравалі на дапрацоўку — і адразу пасьля суду Гнаўк узялі пад варту яшчэ раз. 22 кастрычніка, на пятым судзе, Алену Пятроўну нарэшце аштрафавалі на 810 рублёў і адпусьцілі дадому.