27 кастрычніка раніцай на праспэкце Дзяржынскага затрымалі семярых мэдыкаў РНЦП «Кардыялёгія», якія стаялі ў «ланцугу салідарнасьці» перад пачаткам працоўнага дня.
Дактароў даставілі ў РУУС «для разбору», паведаміла Свабодзе прэс-сакратарка гарадзкой міліцыі.
Уздоўж праспэкту Дзяржынскага перад пачаткам працоўнага дня стаялі прыкладна 20-25 мэдыкаў. Да «ланцуга» пад’ехалі бусікі. Частка людзей схавалася ў падземным пераходзе.
Затрымалі загадчыка рэнтгенапэрацыйнай Алега Паланецкага, кардыяхірурга Ўладзімера Андрашчука, загадчыцу аддзяленьня кампутарнай тамаграфіі Ірыну Гайдэль, хірурга Максіма Цыбульскага, анэстэзіёлягаў Андрэя Бурага, Дзьмітрыя Чуклая, Яўгена Палойку, паведамілі супрацоўнікі РНПЦ «Кардыялёгія» парталу Tut.by.
Пад пагрозай праца аддзяленьня, дзе аказваюць дапамогу экстраным пацыентам з інфарктамі, пасьляапэрацыйным хворым.
Як паведаміла Свабодзе прэсавая сакратарка ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч, цяпер ідзе разбор.
«Мэдыкі не затрыманыя, а дастаўленыя ў адно ў тэрытарыяльных РУУС гораду Менску. Ідзе разбор».
Натальля Ганусевіч адмовілася ўдакладніць, у якое канкрэтна РУУС. На рэпліку, што мэдыкі аказваюць экстраную мэдычную дапамогу, у іх заплянаваны апэрацыі, афіцыйная прадстаўніца гарадзкой міліцыі адказала:
«Гэта ж не перашкодзіла ім страйкаваць».