Аляксандар Лукашэнка сваім указам забараніў прэміраваньне кіраўнікоў арганізацый, калі ёсьць запазычанасьць перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва, паведамляе БелТА.
Раней падобная забарона дзейнічала, калі ў арганізацыі была запазычанасьць па ўнясеньні плацяжоў у бюджэт.
Згодна з указам, меры адказнасьці будуць прымяняцца толькі да тых, хто адказвае за фінансавы стан арганізацыі і надзелены кіроўнымі паўнамоцтвамі, і ня будуць распаўсюджвацца на галоўных спэцыялістаў і іх намесьнікаў, якія выконваюць рашэньні кіраўніцтва. Да адказнасьці могуць прыцягнуць галоўнага бухгальтара і яго намесьнікаў, якія самастойна выплачваюць плацяжы ў бюджэт.
Пазбаўляць прэміі будуць зыходзячы з колькасьці дзён, на працягу якіх была запазычанасьць перад бюджэтам, і (або) пэрыядаў, калі дапусьцілі пратэрмінаваную запазычанасьць, а не па факце яе наяўнасьці і незалежна ад працягласьці пэрыяду, як было раней.
Забарона распаўсюджваецца таксама на бонусы і ўзнагароды.