Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля нядзельнага маршу ў шпіталі даставілі больш за 20 параненых, — мэдыкі


Наступствы сілавога разгону акцыі ў Горадні. 25 кастрычніка 2020 году.
Наступствы сілавога разгону акцыі ў Горадні. 25 кастрычніка 2020 году.

Тэлеграм-супольнасьць «Белыя халаты» сабрала дадзеныя пра тых, хто пацярпеў 25 кастрычніка ад выбухаў сьвятлашумавых гранатаў і раненьняў гумовымі кулямі.

Па зьвестках мэдыкаў, у менскім Вайсковым шпіталі дапамогу аказалі сама меней шасьці чалавекам. Характар пашкоджаньняў не ўдакладняецца.

У 6-ю клінічную лякарню даставілі жанчыну зь мінна-выбуховай траўмай і іншародным целам (падобна на аскепак гранаты), множнымі рванымі ранамі ніжніх канечнасьцяў. Ня выключана, што гаворка пра дзяўчыну, у якую трапіла граната падчас сілавога разгону на вуліцы Арлоўскай.

Зь Ленінскага РУУС двух чалавек забралі ў лякарню хуткай дапамогі, адзін зь іх ад шпіталізацыі адмовіўся, абставіны траўмы не тлумачыў.

З Фрунзэнскага РУУС аднаго параненага забралі ў Менскую абласную клінічную лякарню. Пазьней увечары адтуль жа «хуткая» прывезьлі яшчэ двух мужчын у сярэдне-цяжкім стане ад раненьняў, двух моцна зьбітых і дзяўчыну.

Зь Першамайскага РУУС у шпіталі былі дастаўленыя два чалавекі з траўмамі галавы, адзін нічога ня бачыў ад распыленага ў твар газу. Пасьля гэтага туды зноў прыяжджала хуткая, забрала трох чалавек.

Многія пацярпелыя адмаўляюцца ад шпіталізацыі, бо асьцерагаюцца карных органаў.

У той жа час Міністэрства аховы здароўя зьняпраўдзіла зьвесткі пра гібель студэнта БНТУ ад кулявога раненьня. Агулам за апошнія суткі ў лякарні з траўмамі рознай ступені цяжкасьці звярнуліся 13 чалавек, зь іх 5 шпіталізаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG