Найміты з Сырыі ўдзельнічаюць у баях у самаабвешчаным Нагорным Карабаху на баку Азэрбайджану, хоць афіцыйна Баку адмаўляе іх удзел у канфлікце. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным 21 кастрычніка расьсьледаваньні групы Conflict Intelligence Team (CIT).
Раней у сацсетках зьявілася некалькі відэазапісаў, якія маглі быць апублікаваныя самімі меркаванымі наймітамі. На кадрах чуваць арабская гаворка, хоць самі людзі апранутыя ў форму Дзяржаўнай памежнай службы Азэрбайджану і ў бронекамізэлькі, якія выкарыстоўваюць сухапутныя войскі гэтай краіны.
Як сьцьвярджаюць экспэрты CIT, карыстальнікам сацыяльных сетак удалося ўстанавіць, што гэтыя відэаролікі сапраўды былі зьнятыя на тэрыторыі, падкантрольнай уладам Азэрбайджану. У прыватнасьці, сырыйскія найміты прысутнічаюць на паўднёвым участку фронту, дзе апошнімі днямі ішлі цяжкія баі за населены пункт Гадрут.
Турэччына і Азэрбайджан катэгарычна адмаўляюць удзел наймітаў з Сырыі ў баявых дзеяньнях супраць армянскіх сіл. Пра іх удзел у баях, аднак, заяўляў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.
Канфлікт у Нагорным Карабаху і прылеглых да яго раёнах Азэрбайджану, якія з пачатку 1990-х гадоў кантралявалі армянскія сілы, абвастрыўся ў канцы верасьня. Азэрбайджан распачаў буйнамаштабны наступ. Аб поўнай падтрымцы Баку заявіла Турэччына. У Маскве было дасягнутае пагадненьне аб спыненьні агню, аднак абодва бакі заяўляюць аб яго парушэньнях. Баі працягваюцца.