Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аркестар Фінберга дасьць 10 канцэртаў у Купалаўскім тэатры


Міхаіл Фінберг
Міхаіл Фінберг

Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестар пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга плянуе даць 10 канцэртаў на сцэне Купалаўскага тэатру, адкуль пасьля выбараў звольніліся дзясяткі актораў і рэжысэраў. Квіткі не прадаюцца, а частка калектыву супраць.

Да Свабоды зьвярнуўся адзін з артыстаў канцэртнага аркестру пад кіраўніцтвам Фінберга.

«У нас ня выкананы плян канцэртаў з прычыны каранавірусу, з 26 кастрычніка пачнуцца канцэрты. Мы вельмі перажываем з гэтай нагоды, у калектыве гэта ўспрымаюць неадназначна. Ёсьць людзі, якія супраць, ёсьць тыя, хто за, частка нэўтральна ставіцца да гэтага», — расказаў артыст.

У адміністрацыі канцэртнага аркестру пацьвердзілі, што сапраўды плянуецца 10 канцэртаў на пляцоўцы Купалаўскага. На іх будуць прыходзіць з запрашальнікамі, гэта бясплатныя канцэрты.

Канцэрты плянуюць з 26 па 30 кастрычніка і з 2 па 6 лістапада.

Правядзеньне канцэртаў пацьвердзіў і кіраўнік канцэртнага аркестру Міхаіл Фінберг.

«Нас запрасілі выступіць у Купалаўскім тэатры. Мы зрабілі праграму, дзе 90% беларуская музыка. Мы падрыхтавалі і джазавую праграму, бо джаз — візытоўка нашай краіны», — сказаў Міхаіл Фінберг.

Раней на сцэне Купалаўскага тэатру выступіў ансамбаль «Харошкі». Культурная супольнасьць Беларусі заклікала іх адмовіцца ад выступу «на касьцях». Пасьля выбараў 9 жніўня і брутальных здушэньняў пратэсту больш за паўсотні актораў і рэжысэраў Купалаўскага разам зь яго дырэктарам Паўлам Латушкам звольніліся з тэатру. Усе спэктаклі давялося скасаваць.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG