Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Варшаву сустрэлася з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім. Гэта яе другая сустрэча з кіраўніком польскага ўраду, папярэдняя адбылася на пачатку верасьня.
Як паведаміла прэсавая сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна, бакі абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі, шляхі вырашэньня ўнутрыпалітычнага канфлікту і магчымасьць міжнароднай падтрымкі «як цяпер, так і на этапе аднаўленьня эканомікі пасьля перамогі».
Сустрэча праходзіла ў кабінэце кіраўніка польскага ўраду. Прэмʼер-міністар Матэвуш Маравецкі запэўніў, што Польшча будзе надалей падтрымліваць беларускую апазыцыю.
«Прадэмакратычныя памкненьні беларусаў, бягучая сытуацыя ў Беларусі і форма далейшай дапамогі апазыцыі і рэпрэсаваным — асноўныя тэмы, якія мы ўзьнялі падчас сёньняшняга, яшчэ аднаго візыту Сьвятланы Ціханоўскай у Польшчу», — напісаў Маравецкі ў Facebook пасьля сустрэчы.
«Апазыцыя не зьбіраецца здавацца — і мы будзем салідарна падтрымліваць яе ў гэты няпросты час у меру нашых сучасных магчымасьцяў», — запэўніў прэм’ер-міністар.
Сьвятлана Ціханоўская таксама сустрэлася сёньня з мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім. Той адзначыў, сярод іншага, што існуе магчымасьць стварэньня спэцыяльных праграм для беларускіх студэнтаў.
Мэр Варшавы падтрымаў ідэю аб тым, каб польскія мэры сустрэліся зь лідэрамі беларускага народнага самакіраваньня — бо гэта дапаможа пераняць іхны досьвед. Падобная праграма была праведзена некалькі гадоў таму зь лідэрамі самакіраваньня ва Ўкраіне.
Сьвятлана Ціханоўская таксама ўзьняла пытаньне падтрымкі спартоўцаў, якія праз палітычныя погляды былі звольненыя і страцілі магчымасьць трэнавацца і рыхтавацца да спаборніцтваў.
Ціханоўская таксама мела гутарку з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Польшчы Кшыштафам Шчэрскім, зь якім абмеркавала магчымасьці спрашчэньня візавых і міграцыйных працэдур для беларусаў і падтрымкі рэпрэсаваных.
«Сьвятлана Ціханоўская падзякавала кіраўніку адміністрацыі за тое, што Польшча актыўна падтрымлівае незалежныя беларускія мэдыя і праграму Каліноўскага. Яна выказала падзяку за салідарнасьць і падтрымку сябраў Каардынацыйнай Рады, якія вымушана выехалі ў Польшчу», — паведаміла Ганна Красуліна.
Сьвятлана Ціханоўская таксама выступіла на цырымоніі адкрыцьця новага навучальнага году ў Эўрапейскім Каледжы (College of Europe), які рыхтуе кадры для працы ў інстытутах аб’яднанай Эўропы.