Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дапамога ў абмен на выбары. Што прапануюць Польшча і Эўразьвяз Беларусі


Удзельніца мітынгу салідарнасьці зь Беларусьсю ў Варшаве, 9 верасьня 2020 году.
Удзельніца мітынгу салідарнасьці зь Беларусьсю ў Варшаве, 9 верасьня 2020 году.

Прынамсі 1 мільярд эўраў для «Новай Беларусі» — з такой прапановай мае намер выступіць Польшча на саміце Эўрапейскага Зьвязу, заплянаваным на 1–2 кастрычніка. Польскі ўрад назваў гэтую ініцыятыву «плянам Маршала для Беларусі» паводле аналёгіі з дапамогай, якую Злучаныя Штаты далі Эўропе пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны, піша для Радыё Свабода Дар’я Юр’ева, карэспандэнтка расейскай службы Польскага радыё.

У часе сустрэчы лідэраў эўрапейскіх дзяржаваў прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі ад імя Вышаградзкай чацьвёркі (у якую, акрамя самой Польшчы, уваходзяць Чэхія, Славаччына і Вугоршчына) прэзэнтуе плян эканамічнай дапамогі, якую ЭЗ мог бы аказаць Беларусі ў разе правядзеньня там сумленных і дэмакратычных выбараў .

«Плян Маршала» мае на ўвазе стварэньне так званага фонду стабілізацыі Беларусі, якая цяпер ахоплена масавымі пратэстамі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Мяркуецца, што сродкі будуць паступаць з Эўрапейскага Зьвязу і Міжнароднага валютнага фонду.

«Гэта прапанова цэлага шэрагу пераважна эканамічных захадаў, якія можна было б прапанаваць Беларусі ў разе правядзеньня там законных выбараў. Гэта прапанова дапамогі і свайго роду дарожная мапа для Беларусі, зьвязаная з стварэньнем фонду стабілізацыі і з выкарыстаньнем шэрагу іншых фінансавых мэханізмаў, дэталі якіх прадставіць прэм’ер», — заявіў кіраўнік канцылярыі Матэвуша Маравецкага Міхал Дворчык.

Каму дапаможа Захад?

Пратэсты ў Беларусі працягваюцца ўжо сёмы тыдзень. Работнікі найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны аб’яўлялі страйкі, але пад ціскам рэжыму былі вымушаныя адступіць. Тое, што цяпер адбываецца на многіх заводах і ў розных установах, можна ахарактарызаваць як італьянскі страйк — работнікі толькі імітуюць дзейнасьць.

IT-кампаніі, якія пасьпяхова разьвіваліся ў Беларусі, капітулявалі перад абліччам рэпрэсіяў супраць пратэстоўцаў і шукаюць шляхі ад’езду з краіны — нярэдка зусім пасьпяхова. Краіна перажывае палітычны крызіс, але неўзабаве можа сутыкнуцца і з эканамічным ліхам.

У пачатку мінулага тыдня пасьля сустрэчы Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі стала вядома, што Расея надасьць Беларусі крэдыт у 1,5 млрд даляраў. Масква — асноўны крэдытор Менску, беларуская эканоміка пераважна завязаная на Расею. Крэмль улівае ў Беларусь значныя сродкі ў выглядзе простых ці схаваных субсыдыяў і датацыяў. У розныя гады ад 11% да 27% ВУП Беларусі прыпадала на датацыі Расеі.

Акрамя таго, РФ — асноўны замежнагандлёвы партнэр Беларусі. Нарэшце, адна з важных крыніц даходу дзяржаўнага бюджэту Беларусі — гандаль нафтапрадуктамі, вырабленымі з расейскай сыравіны. Праўда, дзякуючы так званаму падатковаму манэўру Расеі гэты бізнэс стаў менш выгадным для Менску.

Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач прадставіў пэўныя дэталі «пляну Маршала для Беларусі», падкрэсьліўшы, што ўрад Польшчы ўлічыў гэтыя асаблівасьці беларускай эканомікі.

«Грошы з Эўразьвязу — гэта таксама грошы для звычайнага чалавека: на інфраструктуру, на падтрымку сэктару малых і сярэдніх прадпрыемстваў, энэргетычную бясьпеку. Мы гатовыя размаўляць з Беларусьсю аб пастаўках нафты і газу з іншых краін, пра дывэрсыфікацыю. Польшча купляе нафту ня толькі ў Расеі , але і ў іншых краін. Я б сказаў, што гэта комплексны плян. Гэта ня проста крэдыт, як тое, што цяпер падае Беларусі спадар Пуцін, але сыстэмная падтрымка рэформаў, — сказаў намесьнік міністра замежных спраў Польшчы ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат».

«Прапанова дыктатару ад ненавіснай Польшчы»

Узьнікае пытаньне: а ці «пацягне» Эўразьвяз эканамічную трансфармацыю Беларусі? Бо ЭЗ сам яшчэ не адышоў ад пандэміі каранавірусу, на ліквідацыю эканамічных наступстваў якой вылучаныя мільярды эўраў.

На думку польскага эканаміста Януша Ўдзенчака, для Эўразьвязу гэта не павінна стаць праблемай. «ВУП Беларусі параўнальны з ВУП Мазавецкага ваяводзтва Польшчы. Таму дапамога ў рамках „пляну Маршала для Беларусі“ не абыдзецца Эўрапейскаму Зьвязу больш, чым фінансаваньне аднаго з польскіх ваяводзтваў», — адзначае эканаміст.

Іншае пытаньне, ці гатовая Беларусь прыняць дапамогу ад Захаду — ворага ў вачах прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі. На думку галоўнага рэдактара вядучага польскага выданьня Rzeczpospolita Багуслава Хработы, «плян Маршала для Беларусі» — гэта шанец для Аляксандра Лукашэнкі выйсьці з канфлікту са сваім народам, захаваўшы аблічча, «хоць ён яго ўжо страціў».

«Лукашэнка — ня хто іншы, як брат-блізьнюк Кадафі, Асада, Чаўшэску і ўсіх астатніх дыктатараў. І ўсё ж ня выключана, што Эўропа зробіць яму прапанову, прычым яна паступіць ад ненавіснай яму Польшчы. Гэта яго шанец сутыкнуцца зь ценем сваёй былой папулярнасьці, пераканаць сьвет у тым, што ягоная краіна і народ усё яшчэ ў ім маюць патрэбу», — піша галоўны рэдактар польскай газэты.

Пры гэтым Багуслаў Хработа адзначае, што Лукашэнка можа праігнараваць гэтую прапанову, паколькі спадзяецца на крэдыт ад Расеі. Аднак журналіст упэўнены, што ў Крамлі пераможа сухі разьлік і Маскве будзе больш выгадна дазволіць Брусэлю выратаваць Менск ад банкруцтва.

Салідарныя зь Беларусьсю

Польшча падтрымлівае Беларусь ня толькі на палітычным узроўні. У многіх буйных гарадах краіны шматкроць праходзілі акцыі на знак салідарнасьці зь беларускім народам. Польскія спартоўцы, акторы тэатру і кіно запісвалі відэазвароты ў падтрымку беларускіх пратэстоўцаў.

Асабліва актыўныя ў гэтыя дні беларусы, якія жывуць у Польшчы. Моладзь, якая зьехала з краіны, што перажывае пэрыяд застою, адчула, што можа нешта зьмяніць.

Беларус Аляксандар Лапко пераехаў у Польшчу 4 гады таму, каб працягнуць там вучыцца. Цяпер ён далучыўся як валянтэр да Цэнтру беларускай салідарнасьці. Гэта плятформа, якая аб’ядноўвае некалькі арганізацыяў і ініцыятываў, якія дапамагаюць беларусам, пацярпелым ад рэжыму Лукашэнкі. Аляксандар адзначае, што калі раней палякі ня надта цікавіліся тым, што адбываецца ў Беларусі, то цяпер гэта тэма нумар адзін:

— Да жніўня сёлета ў польскім грамадзтве было вельмі абмежаванае ўяўленьне пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Ёсьць навіны пра Польшчу, Эўропу, ЗША, а тое, што на ўсход ад іхнай мяжы, — terra incognita. У Польшчы ёсьць тэлеканал «Белсат», але яго мэтавая аўдыторыя — ня польскія, а беларускія гледачы. Іншыя СМІ вельмі рэдка згадвалі Беларусь, акрамя надзвычайных навін. Аднак тое, што здарылася 9–11 жніўня сёлета, моцна зьмяніла навінавыя прыярытэты. Многія выданьні тыднямі пісалі пра Беларусь. І журналісты, і СМІ выказвалі салідарнасьць. Да прыкладу, Gazeta Wyborcza часова зьмяніла лягатып: на ім намаляваны польскі бела-чырвоны сьцяг, а яго памянялі на беларускі бел-чырвона-белы.

Калі ў Варшаву прыехала Сьвятлана Ціханоўская, газэта Fakt апублікавала вокладку з прывітаньнем і выразам падтрымкі па-беларуску. З СМІ палякі пачалі даведвацца пра падзеі ў Беларусі і цікавіцца, чаму яны адбываюцца. Гэта ж не аднадзённы працэс, гэта ня выбух, усё паступова да гэтага ішло. Паўстаў разрыў паміж уладай і народам, яны на розных полюсах. Цяпер польскае грамадзтва ў той ступені, у якой варта чакаць, падтрымлівае беларускі народ і праяўляе салідарнасьць, — кажа Аляксандар Лапко.

Сёлета Польшча адзначала 40-годзьдзе стварэньня незалежнага прафсаюзу «Салідарнасьць», які адыграў у 80-я гады вырашальную ролю ў падзеньні камуністычнага рэжыму. У жніўня 1980 году камуністычныя ўлады пайшлі на саступкі страйкоўцам і падпісалі так званыя жнівеньскія пагадненьні, якія дазволілі легалізаваць незалежныя прафсаюзы. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю краіны як «польскі жнівень». Польскія СМІ ахрысьцілі падзеі ў суседняй краіне «беларускім жніўнем», выказваючы надзею, што фінал пратэстаў будзе такім жа, як калісьці ў Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG