Міністар інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі адказаў на супольны зварот БАЖ і рэдакцыяў незалежных СМІ.
Міністэрства інфармацыі Беларусі адказала на зварот Беларускай асацыяцыі журналістаў і рэдакцыяў найбуйнейшых незалежных мэдыя, накіраваны 1 кастрычніка.
БАЖ і рэдакцыі СМІ заклікалі міністэрства:
- адклікаць пазоў аб спыненьні выпуску сеткавага выданьня Tut.by,
- разблякаваць доступ да заблякаваных сайтаў,
- ня перашкаджаць выпуску і распаўсюду незалежных друкаваных СМІ,
- спыніць перасьлед журналістаў.
У адказе за подпісам міністра інфармацыі Ігара Луцкага гаворыцца, што пазоў аб спыненьні выпуску сеткавага выданьня Tut.by разглядае суд і выключна суду належыць права прымаць рашэньне аб спыненьні выпуску СМІ.
Таксама міністар піша, што працэдура адмены рашэньня аб абмежаваньні доступу да сайтаў не прадугледжаная, а ўладальнікі заблякаваных сайтаў могуць скарыстаць працэдуру аднаўленьня доступу.
Мінінфарм «прадпрымае магчымыя намаганьні для ўрэгуляваньня сытуацыяў, якія мелі месца з затрыманьнямі журналістаў розных СМІ падчас правядзеньня несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў», — гаворыцца ў адказе за подпісам Ігара Луцкага.
Ліст міністра датаваны 15 кастрычніка. А 19 кастрычніка яшчэ пяцёра журналістаў у Менску былі засуджаныя да арыштаў на тэрмін ад 13 да 15 дзён.