Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Партызанскі марш» сабраў дзясяткі тысяч чалавек у Менску. Асноўнае


Запаланёны людзьмі Партызанскі праспэкт падчас маршу
Запаланёны людзьмі Партызанскі праспэкт падчас маршу

Дзясятую нядзелю запар пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Менску прайшла маштабная вулічная акцыя пратэсту — «Партызанскі марш». Нягледзячы на халоднае надвор’е і спробы сілавікоў не дапусьціць збору людзей, пратэст зноў сабраў дзясяткі тысяч прыхільнікаў перамен.

Упершыню марш праходзіў у аддаленьні ад цэнтру гораду — на Партызанскім праспэкце.

«Мы, нашчадкі беларускіх партызан, пройдзем мірным маршам па Партызанскім праспэкце і выкажам салідарнасьць з рабочымі заводаў», — гаварылася ў анонсе маршу.

Прыкладна за гадзіну да пачатку акцыі, як заўсёды, закрыліся станцыі мэтро, адкуль можна было выйсьці да абвешчанага месца збору. Туды сьцягнулі вялікую колькасьць сілавікоў і вайсковай спэцтэхнікі. Тым ня менш удзельнікам маршу ўдалося з розных мікрараёнаў дабрацца да Партызанскага праспэкту і абʼяднацца ў калёну.

Да 15.00 на праспэкце сабралася некалькі тысяч дэманстрантаў, якія выйшлі на праезную частку і рушылі наперад. Па ходзе руху калёны да іх далучаліся іншыя ўдзельнікі. Людзі скандавалі «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам!», «Лукашэнку ў аўтазак», «Пайшоў прэч», «Хабараўск, прывітаньне» і іншыя лёзунгі.

Нягледзячы на адзінкавыя затрыманьні, шматтысячная калёна дэманстрантаў бесьперашкодна дайшла да ўнівэрмагу «Беларусь», дзе міліцыя праз мэгафон пачала папярэджваць іх пра незаконнасьць правядзеньня акцыі. Людзі рушылі далей, але ў раёне станцыі мэтро «Аўтазаводзкая» праспэкт перакрылі сілавікі з вадамётамі. У выніку дэманстранты павярнуліся і пайшлі назад.

З Партызанскага праспэкту яны павярнулі ў мікрараён Серабранка і па праспэкце Ракасоўскага дайшлі да вуліцы Пляханава. Там калёна падзялілася на дзьве часткі: большасьць працягнула рух наперад, іншыя — накіраваліся па Пляханава ў бок Партызанскага праспэкту. Асноўная частка дэманстрантаў, дайшоўшы да скрыжаваньня праспэкту Ракасоўскага з вуліцай Малініна, пачала разыходзіцца. Прыкладна ў 17.40 марш завяршыўся.

Вулічныя акцыі прыхільнікаў перамен прайшлі сёньня і ў іншых гарадах краіны. На дадзены момант праваабаронцы «Вясны» паведамляюць больш як пра 100 затрыманых — у Менску, Берасьці, Віцебску, Дзяржынску, Сьветлагорску. Большасьць зь іх — у сталіцы.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG