Каля ста пратэстоўцаў сабраліся на Савецкай вуліцы ў Горадні. Уваходы на вуліцу перакрылі сілавікі, затрыманьняў не было відаць.
Савецкую плошчу, дзе пратэстоўцы зьбіраліся некалькі мінулых выходных падчас кірмашу, перакрылі. Уваходы туды пільнавалі міліцыянты. Каля 100–200 гарадзенцаў прыйшлі на Савецкую вуліцу.
Жанчыны гулялі з кветкамі і бела-чырвонымі парасонамі.
Калёна хадзіла туды-сюды па вуліцы. Пратэстоўцы скандавалі «Жыве Беларусь», пляскалі ў ладкі, уключалі пратэставую музыку. Міліцыянты папярэджвалі іх, што мерапрыемства недазволенае.
На вуліцы знаходзілася шмат «ціхароў», міліцэйскае кіраўніцтва. АМАП у шаломах перакрыў уваходы на вуліцу. Аднак нікога не чапалі. Калі пайшоў дождж, людзі разышліся па крамах і кавярнях. Не было відаць, каб некага затрымлівалі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.