Начальнік Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Мікалай Карпянкоў у інтэрвію «Беларусь 1» заявіў, што на акцыі пратэсту выходзяць «радыкалы, арганізаваныя паводле прынцыпу злачынных груповак узору 1990-х».
Пры гэтым праваабаронцы і ўдзельнікі мірных пратэстаў лічаць інакш: менавіта фармаваньні на чале з Мікалаем Карпянковым — цывільныя асобы бяз формы, але ў балаклавах, са зброяй і дубінкамі — куды больш падобныя на бандытаў «з 1990-х». Гэта ягоныя падначаленыя грамілі вітрыны і жорстка білі мірных людзей.
«Салдаты каляровай рэвалюцыі, „змагары“. Па-сапраўднаму мужыкоў, якія любяць сваю радзіму, там няма... Гэта арганізаваныя злачынныя групы на прынцыпах 1990-х гадоў, якія хочуць на сацыяльных ліфтах з бандытаў, раней асуджаных людзей, падняцца і стаць або палявымі камандзірамі, або дэпутатамі, якіх ім шчодра абяцае Ціханоўская. Яны хочуць зарабіць грошай», — заявіў Карпянкоў.
Кіраўнік ГУБАЗіК кажа, што бачыў усе выбары і «пратэставыя масы» пачынаючы ад 2001 году. Аднак такіх «амаральных і цынічных асобаў», якія ўдзельнічаюць у сёньняшніх пратэстах, не сустракаў.
«Але мы верым у гуманнасьць закону. Мы іх затрымаем. Калі яны будуць аказваць актыўны супраціў, мы вымушаны будзем выкарыстаць зброю, каб абараніць грамадзян, правапарадак, каб нашыя дзеці ня бачылі вось гэтай вакханаліі. Не дамо ім разбурыць краіну. Мы, вядома, гуманна выкарыстаем у дачыненні да іх зброю, у тым ліку і агнястрэльную. І самых небясьпечных „востракапытных“ з вуліцы прыбяром. Да любога, хто падыме руку з заточкай на супрацоўніка праваахоўных органаў, будзе ўжытая агнястрэльная зброя», — заявіў Карпянкоў.
Раней пра гатоўнасьць страляць па мірных людзях заявіў намесьнік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч.