Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разам з Курбанам у нас страйкуюць 32 працаўнікі», — страйкам «Беларуськалію»


Страйк на «Беларуськаліі» 17 жніўня
Страйк на «Беларуськаліі» 17 жніўня

32 працаўнікі аб’яднаньня «Беларуськалій» працягваюць страйк, які пачаўся 17 жніўня. Пра гэта паведаміў сябра страйкаму Віталь Дзядзюк. «Нас было 31, а ад сёньня нас 32, бо Аляксандр Курбан, як выйшаў з шахты, сказаў, што далучаецца да страйку і ўсіх нашых патрабаваньняў», — сказаў працаўнік «Беларуськалію» Віталь Дзядзюк. Шахтар расказаў, у якой форме праходзіць забастоўка.

«Мы проста не выходзім на працу і гэтак ўжо другі месяц. Адміністрацыя большасьць з нас звольніла „за прагулы“, але мы лічым, што гэта незаконна. Бо мы знаходзімся ў страйку, а страйк — гэта калектыўная спрэчка з палітычных прычынаў. Таму паводле закону мы апынуліся ў вымушаным прагуле зь віны наймальніка. Бо сытуацыя ў краіне нестабільная, людзей на вуліцах б’юць. Выбары сфальшаваныя, мы не прызнаем кіраўніцтва, якое захапіла ўладу ў краіне, і таму вымушана ня можам працаваць».

Паводле Віталя Дзедзюка, працягваецца ціск на ўдзельнікаў страйку. «Запалохваюць, нават ціснуць празь дзяцей, насылаючы праверкі органаў апякунства. Выклікаюць на размовы ў міліцыю. Палову засудзілі па адміністрацыйным артыкуле 23.34 нібыта за несанкцыянаваныя акцыі, хаця гэта былі звычайныя сустрэчы і размовы бязь лёзунгаў і воклічаў. На судовых працэсах супраць нас сьведчаць толькі сьведкі-міліцыянты, даюць ілжывыя паказаньні».

Віталя Дзедзюка таксама затрымлівалі ў верасьні, калі шахтары выйшлі ў падтрымку актывіста Алега Кудзёлкі. «Мяне схапілі і ў багажніку легкавога аўтамабіля прывезьлі ў раённы аддзел міліцыі. Можаце гэта ўявіць? Нас тады затрымалі каля 20 чалавек, і мужчын і жанчын, усіх сабраліся судзіць, але пабаяліся, што ў нашу падтрымку да РАУС прыйдуць шахтары, і выпусьцілі. Гэта толькі мой прыклад. А палова з нас ужо адседзела», — паведаміў Віталь Дзядзюк.

Як працаўнікі «Беларуськалію» паставіліся да ідэі народнага ўльтыматуму, якую агучыла Сьвятлана Ціханоўская?

«Скажу гэтак: людзі пра гэты ўльтыматум ведаюць, адсочваюць усе падзеі, застаюцца на нашым баку і вырашаюць, што рабіць далей. Да нас далучаюцца новыя працаўнікі, як сёньня Аляксандар Курбан, гэта вельмі важна», — сказаў Віталь Дзядзюк.

Аляксандар Курбан, які сёньня прыкаваў сябе ў шахце на глыбіні 440 метраў, працуе на «Беларуськаліі» з 1998 году, а з 2000 году спускаецца ў шахту як падрыўнік. Ён сябра Беларускага незалежнага прафсаюзу.

Сярод патрабаваньняў Аляксандра Курбана былі падвышэньне заробку і спыненьне ціску на ўдзельнікаў страйку, ён выступіў супраць фальшаваньня выбараў і рэпрэсіяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG