Суд Ленінскага раёну Менска паўторна асудзіў вядомую баскетбалістку Алену Леўчанку за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пасьля 15 дзён арышту Леўчанка пакараная і штрафам у 810 рублёў. Падчас працэсу праз скайп Алена Леўчанка паскардзілася на нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары на Акрэсьціна.
Спартоўка мела выйсьці на волю раніцай 15 кастрычніка пасьля 15 дзён арышту, аднак яе затрымалі за іншы эпізод і пакінулі на Акрэсьціна.
Падчас працэсу Алена Леўчанка паскардзілася на нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня.
«Апошнія 12 дзён сплю не на матрасе, а на халодных мэталічных палках. Таксама сканфіскавалі пасьцельную бялізну. Два тыдні не было гарачай вады. І ўвесь гэты часу нас не вадзілі ў душ. Таксама два тыдні, як адключылі зьліў у туалеце. Прагулянкі добра калі раз на тры-чатыры дні, неяк не выводзілі цягам пяці дзён. Уся гэтая антысанітарыя прывяла да таго, што ў мяне зьявіліся вошы. Ніхто ня хоча дапамагаць зь лячэньнем. Абвастрыліся старыя захворваньні — хрыбетная грыжа. Суседка ў камэры перахварэла, невядома, ці гэта была прастуда, альбо нешта яшчэ. Усё гэта падрывае маё здароўе, нясе рэальную пагрозу», — расказала яна.
«Адчуваньне, што рэалізуюцца ненармальныя фантазіі зь нейкіх фільмаў жахаў»
Праваабаронца Тацяна Равяка ў камэнтары для Свабоды параўнала падобныя ўмовы з катаваньнем — факты прыніжальнага і бесчалавечнага абыходжаньня бясспрэчныя.
«Чым мацнейшы чалавек, тым большае на яго чыняць маральнае і фізычнае ўзьдзеяньне. Плюс у гэтым выпадку жаданьне прынізіць псыхалягічна: маўляў, гэта на волі ты зорка, а ў нас — ніхто. Гэткая дэманстрацыя ўласнай сілы, што вязень цалкам пад іхнай уладай... Наагул апошнія два месяцы — гэта абсалютнае бяздоньне, калі прабіваюцца ўсё новыя і новыя гарызонты. І якія навіны прынясе бліжэйшая будучыня — можна толькі здагадвацца. Адчуваньне, што рэалізуюцца ненармальныя фантазіі зь нейкіх фільмаў жахаў», — падсумавала праваабаронца Тацяна Равяка.
У адказ на скаргі Алены Леўчанкі судзьдзя Тацяна Шоцік заявіла, што хадайніцтва аб зьмене ўмоваў утрыманьня задаволенае ня будзе.