Каардынацыйная рада выказалася адносна 15-суткавага адміністрацыйнага арышту баскетбалісткі Алены Леўчанкі і ціску на спартоўцаў.
«Алена Леўчанка — адна з найлепшых баскетбалістак у гісторыі Беларусі, нацыянальны гонар! — гаворыцца ў заяве. — Яна выступала за зборную ад 2001 году, уздымалася на п’едэстал чэмпіянату Эўропы, была ў фінале жаночай НБА і прызнавалася найлепшай цэнтравой чэмпіянату сьвету. Падчас мірных пратэстаў Алена падтрымала рух супраць фальсыфікацый выбараў і гвалту. Яна ўваходзіць у Свабоднае аб’яднаньне спартоўцаў, падпісала адкрыты ліст да ўлады і ўдзельнічала ў нядзельных маршах».
Каардынацыйная рада не прымае любыя формы перасьледу і ціску на спартоўцаў за іх актыўную грамадзянскую пазыцыю — Алена Леўчанка неаднойчы выступала ў мэдыя з асуджэньнем сытуацыі, якая склалася ў Беларусі.
«Спартоўцы прысьвячаюць сваё жыцьцё сумленнай барацьбе за гонар радзімы. Перасьледуючы іх, дзяржава робіць замах на нацыянальны гонар. Спартоўцы супернічаюць адзін з адным на стадыёнах, татамі, дарожках для плаваньня, але гатовыя імгненна аб’яднацца за агульначалавечыя правы і ідэалы. Мы ўпэўненыя: паказальнае затрыманьне Алены Леўчанкі ня зломіць нашых атлетаў. На месца Алены ў калёне прыйдуць як мінімум трое! Асудзяць і іх? Зьявіцца дзясятак чэмпіёнаў!»
«Хутчэй! Вышэй! Мацней!» — лёзунг усіх спартоўцаў. «Верым! Можам! Пераможам!» — лёзунг усіх нас, гаворыцца ў заяве Каардынацыйнай рады.