Расея стаяла за кібэратакамі на Стортынг (парлямэнт) Нарвэгіі ў жніўні сёлета, заявіла 13 кастрычніка міністарка замежных спраў Нарвэгіі Іне Эрыксэн Сёрайдэ. Яна назвала тое, што адбылося, «сур’ёзнай падзеяй», якая стала ўдарам па дэмакратычных інстытутах Нарвэгіі.
У заяве міністра не гаворыцца, ці мае намер Нарвэгія зрабіць нешта ў адказ. Прадстаўніца нарвэскага дыпляматычнага ведамства адмовілася адказваць на пытаньні журналістаў пра верагоднасьць звароту да Расеі з патрабаваньнем адклікаць амбасадара з Нарвэгіі.
Нарвэгія — сябра NATO. У яе доўгая, каля 200 кілямэтраў, мяжа з Расеяй у Арктыцы. Як адзначае агенцтва Reuters, расейскае МЗС пакуль не камэнтавала заяву нарвэскага Міністэрства замежных спраў.
Нарвэскі парлямэнт заявіў 1 верасьня 2020 году пра кібэратаку, якую ён зазнаў у канцы жніўня. Тады былі ўзламаныя акаўнты электроннай пошты некалькіх дэпутатаў і супрацоўнікаў парлямэнту.