Эўрапейскі Зьвяз прадоўжыў на год санкцыі ў дачыненьні да Расеі ў сувязі з прымяненьнем хімічнай зброі. Адпаведны дакумэнт апублікаваны на сайце Эўрапейскай рады.
Гаворка ідзе пра выкарыстаньне хімічнай зброі ў Сырыі і ўжываньне нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок» пры замаху на былога афіцэра расейскай вайсковай выведкі ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку ў брытанскім горадзе Солсбэры ў сакавіку 2018 году.
У санкцыйным сьпісе Эўразьвязу дзевяць чалавек. Пяцёра зь іх маюць дачыненьне да Сырыі, чацьвёра, як сьцьвярджаюць у ЭЗ, датычныя да атручваньня Скрыпалёў. Сярод гэтых людзей кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня Генштабу Расеі Ігар Касьцюкоў і ягоны намесьнік Уладзімір Аляксееў, а таксама Анатоль Чапіга і Аляксандар Мішкін. Брусэль лічыць, што яны афіцэры вайсковай выведкі, якія маюць дачыненьне да замаху на Скрыпалёў і працавалі пад імёнамі Руслана Башырава і Аляксандра Пятрова. Расея неаднаразова адпрэчвала абвінавачаньні ва ўжываньні хімічнай зброі.
У кастрычніку адразу некалькі краін Эўразьвязу, у тым ліку Нямеччына і Францыя, заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Масквы ў сувязі зь меркаваным атручваньнем ядам «Навічок» апазыцыянэра Аляксея Навальнага. ЭЗ сьцьвярджае, што Расея парушыла канвэнцыю аб забароне хімічнай зброі. У адказ Міністэрства замежных спраў Расеі заявіла, што дагэтуль не атрымала доказаў атручваньня апазыцыянэра ад Нямеччыны, дзе той праходзіў курс лячэньня і цяпер знаходзіцца на рэабілітацыі.