Група хакераў, якая называе сябе «Беларускія кібэрпартызаны», 10 кастрычніка ўзламала сайты каля трох дзясяткаў шэрагу праўладных прафсаюзаў, сайт Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусі, сайт Менскага аўтамабільнага заводу, Нацыянальны навукова-тэхнічны партал і сайт meteo.by, дзе публікуюць надвор’е.
На сайтах узламаных прафсаюзаў (паводле пераліку саміх хакераў, такіх каля 30 дзясяткаў) хакеры заклікаюць рабочых выходзіць зь іх і далучацца да незалежных прафсаюзаў, ствараць стачкамы і страйкаваць.
На сайце МАЗу «на просьбу работнікаў» паведамляюць, што большасьць работнікаў — «супраць дыктатуры Лукашэнкі» і заклікаюць астатніх падтрымаць страйк.
На сайце Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусі «кібэрпартызаны» апублікавалі спасылку з праваабарончага сайту «Вясна», дзе апублікаваны пералік палітвязьняў Беларусі, з подпісам «іх імёны ўвайдуць у гісторыю! яны нашы героі!».
На сайце Нацыянальнага навукова-тэхнічны парталу хакеры напісалі, што «рэжым Лукашэнкі гнабіць навукоўцаў, студэнтаў, выкладчыкаў» і «хоча ператварыць Беларусь у канцлягер, дзе большасьць будзе ўкалваць за поліўку на палях, заводах і турэмных вытворчасьцях...».
А на сайце meteo.by напісалі, што «11 кастрычніка — выдатнае надвор’е для рэвалюцыйнай барацьбы з дыктатурай».
Паўсюль хакеры заклікаюць выходзіць на традыцыйную нядзельную акцыю пратэсту.