У Беларусі зьявіліся кібэрпартызаны, яны актыўна дзейнічаюць на баку пратэсту ўжо месяц і шмат што за гэты час зрабілі. Тэлеканал «Настоящее время» падрыхтаваў даведку пра дзейнасьць кібэрпартызанаў у Беларусі.
Ананімныя хакеры пачалі з узлому дзяржаўных сайтаў. Напрыклад, на пачатку верасьня атакавалі сайт Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, сайт МУС і Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Узломшчыкі пакідалі пасланьні: бел-чырвона-белы сьцяг пратэсту, фота Аляксандра Лукашэнкі ў разьдзеле «Вышук» на сайце МУС і абвяшчэньне партызанскай вайны ўладам.
Журналісты расейскай службы BBC зьвязаліся з хакерамі і высьветлілі, што існуюць як найменш дзьве групы, якія дзейнічаюць незалежна адна ад адной. У кожнай свой тэлеграм-канал і свой плян.
Канал першай групы быў створаны 8 верасьня. Лёзунг каналу — «Сабатаж, супраціў, цішыня». Гэтыя партызаны абвясьцілі аб стварэньні лічбавага фронту супраціву. Фронт мае маніфэст: «Мы ня прагнем помсты, але выбіраем тыя ж шляхі барацьбы, якія выкарыстоўваюцца супраць нас. Мы ня йдзем на саступкі і кампрамісы, пакуль нашы патрабаваньні ня будуць выкананыя на 100%. Мы слухаем і чуем волю народу і сумленна абранага прэзыдэнта – Сьвятлану Ціханоўскую». У маніфэсьце сказана, што хакеры будуць шукаць матэрыялы, якія закранаюць інтарэсы чыноўнікаў і сілавых ведамстваў.
Гэтая група вельмі актыўная: яна наўпрост зьвяртаецца да Лукашэнкі і патрабуе яго адстаўкі, заклікае ў свае шэрагі новых прыхільнікаў, стварае ананімную хакерскую сетку і нават абяцае плаціць удзельнікам за выкананьне заданьняў.
У сваім тэлеграм-канале кібэрпартызаны папярэджваюць, якія рэсурсы яны выбралі сваёй наступнай мэтай, каб беларусы маглі падрыхтавацца. Напрыклад, просяць людзей устрымацца ад онлайн-гульняў на грошы. А 12 верасьня быў узламаны сайт «Беларускія лятарэі». На галоўнай старонцы павіншавалі з днём нараджэньня Сьвятлану Ціханоўскую.
Гэты ж канал абвясьціў, што займаецца дэанонам сілавікоў. Хакеры сабралі базу супрацоўнікаў КДБ, АМАПу і МУС і аддалі яе тэлеграм-каналу NEXTA. Затым яны абвясьцілі, што прыступілі да распрацоўкі сыстэмы распазнаньня асоб, якая дазволіць вылічыць чалавека, нават калі ён у балаклаве.
Напярэдадні чарговай акцыі пратэсту, прызначанай на 13 верасьня, хакеры зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі і абвясьцілі, што калі сілавікі будуць затрымліваць пратэстоўцаў – яны абрынуць падатковую і банкаўскую сыстэмы краіны. «Мы ў сілах і рубель забіць, і пачаць рахункі вашых блізкіх сяброў блякаваць», — сказана ў звароце.
13 верасьня, паводле дадзеных МУС, у Беларусі на акцыях пратэсту былі затрыманыя 774 чалавекі.
Пасьля гэтага хакеры атакавалі падатковую, затым сайт Міністэрства фінансаў, таварную біржу і таргі аблігацыямі. А 6 кастрычніка яны абвясьцілі, што рыхтуецца атака на банкаўскую сыстэму краіны.
Канал другой групы кібэрпартызанаў – нешматслоўны. Ён зьявіўся 18 верасьня. У першым жа запісе сказана, што гэтыя партызаны ня будуць пісаць маніфэсты і зьдзяйсьняць дзеяньні, ад якіх могуць пацярпець звычайныя людзі. 26 верасьня гэтыя партызаны паведамілі, што ўзламалі сайт дзяржаўнай Белтэлерадыёкампаніі. Некалькі хвілін у онлайн-вяшчаньні па ўсіх каналах паказвалі відэа з пратэстаў.
Камэнтар ад партызанаў быў кароткі: калі Белтэлерадыёкампанія ня хоча паказваць людзям праўду, яе пакажам мы.