Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выпуск аўтобусаў зьнізіўся ўдвая: як італьянская забастоўка паўплывала на заводы


Дзень адчыненых дзьвярэй на БелАЗе
Дзень адчыненых дзьвярэй на БелАЗе

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў рабочыя МТЗ, БелАЗ, МЗКЦ ды іншыя буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы заяўлялі пра страйкі, якія перарасьлі ў італьянскія забастоўкі. Свабода паглядзела, як гэта адбілася на эканоміцы.

МТЗ

3190 — столькі трактароў для сельскай і лясной гаспадаркі выпусьцілі ў Беларусі ў жніўні. Гэта сярэдні паказьнік за месяц, і ён не нашмат меншы, чым у ліпені 2020-га, вынікае са справаздачы Белстату.

За мінулы год завод працаваў з чыстым прыбыткам у 100 мільёнаў рублёў, за год прыбытак вырас у 37 разоў. Таксама завод мае 468 мільёнаў рублёў доўгатэрміновых абавязаньняў. Тут працуюць 15,7 тысячы чалавек.

БелАЗ

22 — столькі кар’ерных самазвалаў выпусьцілі ў Беларусі за жнівень, і гэта антырэкорд. У ліпені, напрыклад, выпусьцілі 32 самазвалы, а ў студзені — 42.

У 2019 годзе чысты прыбытак заводу склаў 256 мільёнаў рублёў. Завод мае на 65 мільёнаў крэдытаў, тут працуюць 11 тысяч чалавек.

18 верасьня стала вядома, што БелАЗ выпусьціў аблігацыі на 100 мільёнаў даляраў пад 7% гадавых. Аблігацыі прададзеныя чатыром беларускім банкам, сярод іх два дзяржаўныя («Беларусбанк» і «Белаграпрамбанк»).

21 верасьня на БелАЗе зьмяніўся дырэктар, новым стаў Сяргей Нікіфаровіч.

МАЗ

199 — столькі самазвалаў для эксплюатацыі ва ўмовах бездарожжа выпусьцілі ў Беларусі ў жніўні; МАЗ — асноўны вытворца гэтай прадукцыі. У ліпені такіх самазвалаў выпусьцілі 207, а ў чэрвені — 255.

Зьнізіўся і выпуск аўтобусаў: 68 штук за жнівень супраць 146 у ліпені.

Італьянская забастоўка і эканоміка

Буйныя беларускія заводы маюць мільённыя даўгі, хоць многія сёлета паказалі прыбыткі. Паводле фінансавага аналітыка Вадзіма Іосуба, цяжкасьці ў прадпрыемстваў пачаліся яшчэ зь вясны, ад каранавірусу.

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Ня думаю, што страйкі ў тым ці іншым выглядзе паўплывалі на стан прадпрыемстваў. Гаворка, хутчэй за ўсё, пра страты ў вытворчасьці за 1-2 дні, гэта на некаторых прадпрыемствах. Стратныя прадпрыемствы стратныя таму, у тым ліку, што не зарабляюць сабе на заробак, таму ім даюцца крэдыты пад гарантыяй дзяржавы», — кажа Вадзім Іосуб.

Большасьць беларускіх банкаў перастала выдаваць крэдыты фізычным асобам, але «заводам крэдыты могуць выдзяляцца дырэктыўна».

«Рэсурс не бясконцы, як і гарызонт плянаваньня. Цяпер эканамічным блёкам прымаюцца нейкія хуткія рашэньні, і ніхто не думае, як гэта адаб’ецца», — мяркуе Вадзім Іосуб.

Чаму не атрымалася страйку

Забастоўка ў сваім клясычным выглядзе на беларускіх прадпрыемствах усё ж не атрымалася, гэта зьвязана «з адсутнасьцю сур’ёзнай сацыяльнай падтрымкі».

«Складана казаць пра маштабны страйк, бо незразумела, на што жыць працоўным. У сьвеце ёсьць прафсаюзы, якія са сваіх фондаў могуць некага падтрымліваць, у нас такога няма, таму цяжка ўявіць, каб людзі адмовіліся ад заробкаў і селі дома», — мяркуе Вадзім Іосуб.

Аб’ём прамысловай вытворчасьці ў Беларусі за 8 месяцаў гэтага году зьнізіўся на 2,2% у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG