Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны адказала эўрадэпутатам, якія заклікалі вайсковае кіраўніцтва Беларусі стаць на бок народу


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні на Жаночым маршы ў Менску 26 верасьня
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні на Жаночым маршы ў Менску 26 верасьня

8 кастрычніка Міністэрства абароны Беларусі адказала на зварот 25 дэпутатаў Эўрапарлямэнту, у якім яны заклікалі найвышэйшых вайсковых кіраўнікоў Беларусі не парушаць прысягу і не рабіцца часткай «вайсковай хунты А. Р. Лукашэнкі».

У адказе на афіцыйны зварот эўрадэпутатаў, які назвалі электронным зваротам групы замежных грамадзян, Мінабароны заявіла, што «народ Беларусі зрабіў свой выбар — гэта выбар больш як 80% беларусаў» (які менавіта выбар зрабіў народ Беларусі, ведамства не ўдакладніла), і параіла паважаць яго і «ня ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі, засяродзіўшы ўвагу на вырашэньні ўнутраных праблем у сваіх дзяржавах».

Таксама ў Мінабароны заявілі, што спробы асобных сябраў Эўрапарлямэнту гаварыць ад імя народу Беларусі «выглядаюць недарэчна і непераканаўча», а беларускае войска заўсёды было і будзе непадзельнай часткай беларускага народу, які «не прымае навязваньня яму волі звонку».

Мінабароны «ня бачыць сэнсу дадаткова тлумачыць сваю пазыцыю асобным замежным грамадзянам», бо Ўзброеныя сілы Беларусі ўжо «дастатковую колькасьць разоў заяўлялі пра «сваю рашучасьць і гатоўнасьць абараніць, як і належыць, тэрытарыяльную цэласнасьць, сувэрэнітэт і канстытуцыйны лад Беларусі», гаворыцца ў адказе.

7 кастрычніка 26 дэпутатаў Эўрапарлямэнту накіравалі ліст да 24-х найвышэйшых вайсковых кіраўнікоў Рэспублікі Беларусь — ад міністра абароны да намесьнікаў камандуючых родамі войскаў.

У лісьце гаварылася, што Аляксандар Лукашэнка арганізаваў сілавы захоп улады ў Рэспубліцы Беларусь, але ён больш не зьяўляецца легітымным прэзыдэнтам Беларусі і вярхоўным галоўнакамандуючым, таму любыя ўказаньні, атрыманыя ад яго, зьяўляюцца незаконнымі.

Лукашэнка выкарыстоўвае Ўзброеныя сілы не паводле прызначэньня, адзначылі аўтары звароту і заклікалі найвышэйшых вайсковых кіраўнікоў Беларусі не прытрымлівацца «незаконных указаньняў нелегітымнага ўзурпатара» і не станавіцца часткай «вайсковай хунты А. Р. Лукашэнкі», не парушаць прысягу і «не паварочвацца сьпінай да сваіх суайчыньнікаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG