У кватэры журналісткі Марыны Маўчанавай увечары 7 кастрычніка супрацоўнік міліцыі правёў ператрус, паведаміў «Бабруйскі кур’ер».
Міліцыянт патлумачыў гэта заведзенай крымінальнай справай па факце пажару 28 верасьня на грамадзкім пункце аховы правапарадку.
Марыны Маўчанавай дома не было. Ператрус праходзіў у прысутнасьці ейнай маці. Журналістка з матчынага пераказу зразумела, што апэратыўнік шукаў кампутар і ноўтбук. Калі сыходзіў, заявіў што ператрусы пройдуць ува ўсіх журналістаў, затрыманых на нядзельнай акцыі пратэсту.
Марыну Маўчанаву разам зь яшчэ траімі журналістамі затрымалі падчас выканьня прафэсійных абавязкаў 4 кастрычніка. Іх адправілі ў ізалятар. Маўчанаву з гіпэртанічным крызам адтуль даставілі ў лякарню. Паводле яе, усіх затрыманых на нядзельнай акцыі пратэсту дапытвалі сьледчыя наконт пажару ў пастарунку.
Тады зьняволілі тры дзясяткі чалавек. Першым з журналістаў, у каго правялі вобшук, быў карэспандэнт «Вечернего Бобруйска» Дзяніс Носаў, калі ён быў у ізалятары.
«Я не магу зразумець, на якой падставе праводзяцца вобшукі ў журналістаў, — камэнтуе сытуацыю Марына Маўчанава. — Для мяне было наагул навіной гаварыць пра здарэньне са сьледчай. А тут яшчэ ператрус. Я нават ня ведаю, дзе той пастарунак знаходзіцца».