4 кастрычніка падчас асьвятленьня мірнага мітынгу ў Бабруйску затрымалі чатырох журналістаў. Цягам гэтага тыдня іх судзяць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Як удакладняе Беларуская асацыяцыя журналістаў, за кратамі апынуліся карэспандэнты і фатографы мясцовых выданьняў:
- Марына Маўчанава, карэспандэнтка онлайн-газэты «Бобруйский курьер», кіраўніца Бабруйскай суполкі БАЖ
- Алеся Лацінская, карэспандэнтка парталу Bobr.by, сябра БАЖ
- Дзяніс Носаў, фатограф газэты «Вечерний Бобруйск», сябра БАЖ
- Юры Камісараў, фатограф, супрацоўнічае з парталам Bobr.by.
Нягледзячы на тое, што журналісты ня ўдзельнічалі ў мітынгу, а выконвалі свае прафэсійныя абавязкі, на іх склалі пратаколы і да судоў адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
У ноч пасьля затрыманьня Марыне Маўчанавай стала кепска, і яе адвезьлі ў лякарню. Дата суду пакуль невядомая.
Алеся Лацінская правяла ў ІЧУ суткі. Там жа над ёй распачаўся суд, але быў перанесены на 6 кастрычніка. Журналістку адпусьцілі, яе справу накіравалі ў міліцыю на дапрацоўку.
Дзяніса Носава адпусьцілі з ІЧУ 7 кастрычніка пасьля сканчэньня 72 гадзін папярэдняга затрыманьня. Суд адбудзецца 9 кастрычніка. Перад тым да яго дадому апэратыўнікі прыйшлі зь ператрусам, забралі тэхніку.
Суд над Юрыем Камісаравым адбыўся 7 кастрычніка ў ІЧУ. Фатографа пакаралі 7 суткамі арышту.