Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісію па расьсьледаваньні зьбіцьця людзей узначальвае выхадзец з КДБ


Чарга зьбітых у менскім шпіталі хуткай дапамогі, 15 жніўня.
Чарга зьбітых у менскім шпіталі хуткай дапамогі, 15 жніўня.

Міжведамасную камісію, якая возьме на сябе вывучэньне скаргаў людзей, якіх зьбівалі і зь якіх зьдзекаваліся сілавікі, узначаліў намесьнік генэральнага пракурора Дзьмітрый Гара, піша «Наша Ніва».

Дзьмітрый Гара стаў намесьнікам генэральнага пракурора 30 сьнежня 2019 году, да свайго прызначэньня 10 гадоў працаваў начальнікам сьледчага ўпраўленьня КДБ. Яму 50 гадоў, родам з грузінскага Тбілісі. Вучыўся на правазнаўстве ў Вайсковым Чырванасьцяжным інстытуце ў Маскве. Ад 1993 году працаваў сьледчым у КДБ.

Да апошняга часу не было вядома, хто ўзначальвае камісію. У самой Генпракуратуры называць імя кіраўніка камісіі адмаўляліся, бо лічылі няважным, хто зьяўляецца кіраўніком. Таксама было невядома, колькі разоў зьбіралася камісія і да якіх высноваў прыйшла.

Даведацца, хто ж узначальвае гэтую камісію, удалося дзякуючы адказу дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Тацяны Аўтуховай, які яна даслала віцяблянцы Ірыне Барысевіч. Жанчыну затрымлівалі 12 жніўня падчас акцыі салідарнасьці.

Ад Аўтуховай прыйшоў такі адказ: «Калі маюць месца быць факты перавышэньня службовых паўнамоцтваў сілавых ведамстваў, то грамадзяне маюць права зьвярнуцца ў рэспубліканскую міжведамасную камісію, якую ўзначальвае намесьнік генэральнага пракурора Дзьмітрый Гара. Вашы довады аб тым, што ў Беларусі не выконваюцца законы, неабгрунтаваныя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG