7 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка павіншаваў кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна з днём народзінаў, паведамілі БелТА ў прэс-службе Лукашэнкі.
«Унутраная і замежная палітыка, якая праводзіцца пад вашым кіраўніцтвам, накіравана на эфэктыўнае сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё Расеі, павышэньне яе аўтарытэту і ўплыву ў сьвеце, карыстаецца шырокай і несумненнай падтрымкай грамадзян. Яскравым пацьвярджэньнем гэтаму зьяўляюцца вынікі выбараў у адзіны дзень галасаваньня 13 верасьня 2020 году», — гаворыцца ў віншаваньні.
Лукашэнка адзначыў, што высока цэніць Пуціна як «надзейнага сябра Беларусі і пасьлядоўнага прыхільніка пашырэньня інтэграцыйных працэсаў на лініі Саюзнай дзяржавы, якія цалкам адпавядаюць намерам двух брацкіх народаў сумеснымі намаганьнямі будаваць годную будучыню».
Ён выказаў упэўненасьць, што «адносіны стратэгічнага партнэрства» паміж Беларусьсю і Расеяй будуць і ў далейшым «эфэктыўна разьвівацца».
Віншаваньне апублікавалі на сайце дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА а 7:00 раніцы 7 кастрычніка — раней, чым у папярэднія гады. У мінулыя 5 гадоў навіны пра віншаваньне на БелТА зьяўляліся:
2019 — 9:48;
2018 — у 9:06 (і ў 11:06 пра тэлефоннае віншаваньне);
2017 — у 9:05;
2016 — у 7:11;
2015 — у 7:14 (і ў 16:00 пра тэлефоннае).