Санкцыі ЭЗ супраць беларускіх чыноўнікаў — гэта толькі першы крок, заявіў генэральны сакратар партыі ХДС / ХСС канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель Паўль Земяк у інтэрвію выданьню Die Welt.
6 кастрычніка ў Бэрліне Мэркель, а потым Земяк і іншыя лідэры партыі сустрэліся з экс-кандыдаткай у прэзыдэнты Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай. Яна атрымала ў падарунак фрагмэнт Бэрлінскай сьцяны, які, паводле яе тэлеграм-каналу, яна расцаніла як «часьцінку свабоды».
«У сёньняшнім інтэрвію Welt я ясна даў зразумець, што мужчыны і жанчыны ў Беларусі кожны дзень мужна змагаюцца за правы і каштоўнасьці, якія прымаюцца як належнае ў астатняй частцы Эўропы», — напісаў Земяк на сваёй старонцы ў Facebook. — Пасьля больш чым двух дзесяцігодзьдзяў кіраваньня Лукашэнкі людзі заслугоўваюць таго, каб за імі з рашучым голасам стаяў Эўразьвяз і падтрымліваў іх у барацьбе за дэмакратычныя ўмовы. Санкцыі, ухваленыя на мінулым тыдні, — гэта толькі першы крок. Ціск на рэжым Лукашэнкі мусіць заставацца высокім. Фальсыфікатары выбараў ня маюць права станавіцца іх пераможцамі".