Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстоўцы вызвалілі экс-прэзыдэнта Кіргізстану Атамбаева


Алмазбек Атамбаеў
Алмазбек Атамбаеў

Былы прэзыдэнт Кіргізстану Алмазбек Атамбаеў вызвалены з-пад варты ў СІЗА Дзяржкамітэту нацыянальнай бясьпекі на патрабаваньне пратэстоўцаў.

Пасьля захопу будынка і тэрыторыі Белага дому, у якім знаходзіцца парлямэнт і Адміністрацыя прэзыдэнта Кіргізстану, частка пратэстоўцаў накіраваліся да будынку Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бясьпекі (ДКНБ).

Сілавікі, якія ахоўвалі будынак камітэту, самі выйшлі з паднятымі рукамі і сказалі, што яны з народам. Пасьля перамоваў з кіраўніцтвам дзяржкамітэту экс-прэзыдэнт краіны Алмазбек Атамбаеў, які знаходзіўся ў СІЗА ДКНБ са жніўня 2019 года, быў вызвалены. Гэта адбылося каля 4:30 раніцы па мясцовым часе. Прэсавая сакратарка Атамбаева Кундуз Жалдубаева пацьвердзіла, што ён на волі.

Пратэстоўцы выйшлі на вуліцы Бішкеку раніцай 5 кастрычніка на знак непрызнаньня вынікаў парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся 4 кастрычніка. Вечарам для разгону натоўпу ад будынку парлямэнту і адміністрацыі прэзыдэнта дзясяткі сілавікоў ўжылі сьлёзацечны газ, гумовыя кулі, сьвятлашумавыя гранаты і вадамёты.

Пратэстоўцы разышліся, але пазьней, калі яны зноў прыйшлі да будынку парлямэнту, сілавікі не аказвалі ім супраціву.

Па апошніх дадзеных, 130 чалавек шпіталізавалі з рознымі траўмамі.

ЦВК Кіргізстану паведаміла, што ў парлямэнт праходзяць чатыры партыі, якія пераадолелі 7-адсоткавы бар’ер, а дзьве праўладныя партыі атрымалі пераканаўчую перамогу, атрымаўшы прыкладна па 24% галасоў кожная. Несумленнымі назвалі выбары нават прадстаўнікі партыяў, якія змаглі прайсьці ў парлямэнт.

Прэсавая служба прэзыдэнта Кіргізстану Сааранбая Жээнбекова паведаміла, што 6 кастрычніка ў 9 раніцы кіраўнік дзяржавы сустрэнецца з лідэрамі ўсіх партыяў, якія ўдзельнічалі ў выбарах партый. Іх было 16.

Экс-прэзыдэнт Алмазбек Атамбаеў быў прысуджаны да 11 гадоў пазбаўленьня волі ў чэрвені 2020 году. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі карупцыі па справе аб незаконным вызваленьні крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева.

Атамбаева афіцыйна арыштавалі і абвінавацілі ў карупцыі ў жніўні 2019 года. Спэцназ ДКНБ Кіргізстану затрымаў Атамбаева 8 жніўня ў Кой-Таше, здолеўшы з другога разу ўзяць штурмам ягоную рэзыдэнцыю. Падчас сутыкненьняў паміж сілавікамі і прыхільнікамі прэзыдэнта загінуў спэцназавец, амаль сто чалавек пацярпелі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG