Сёньня, 5 кастрычніка, у Стакгольме абвесьцяць сёлетніх ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі ў мэдыцыне і фізыялёгіі. Абвяшчэньне прэміі ў мэдыцыне і фізыялёгія ў першы панядзелак кастрычніка традыцыйна пачынае нобэлеўскі тыдзень.
У аўторак 6 кастрычніка будуць абвешчаныя ляўрэаты ў фізыцы, у сераду 7 кастрычніка — у хіміі, у чацьвер 8 кастрычныка — у літаратуры, у пятніцу 9 кастрычніка — у нарвэскім парлямэнце ў Осла абвесьцяць сёлетніх ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру. У панядзелак Швэдзкі банк назаве ляўрэатаў сваёй прэміі імя Альфрэда Нобэля ў эканоміцы.
З прычыны каранавіруснай пандэміі арганізатары сёлета адмянілі традыцыйную цырымонію ўручэньня Нобэлеўскіх прэмій, якая адбываецца ў дзень 10 сьнежня (дата сьмерці Альфрэда Нобэля).
У Швэцыі, дзе ўручаюцца навуковыя і літаратурныя ўзнагароды, цырымонія адбудзецца ў тэлефармаце з жывымі ўключэньнямі з розных краінаў. Толькі невялікую колькасьць гледачоў дапусьцяць у ратушу Стакгольму.
У Осла Нобэлеўскую прэмію міру ўручаць у аўдыторыі Ўнівэрсытэту Осла. Цырымонія таксама будзе адкрытая для невялікай колькасьці гледачоў, а ляўрэаты змогуць узяць удзел у атрыманьні прэмій асабіста або празь відэасувязь.
Што тычыцца традыцыйнага банкету, яго адмянілі ў абодвух гарадах, і сёлетніх ляўрэатаў плянуюць запрасіць на нобэлеўскі банкет налета.