Трэцяга кастрычніка сваякі арыштаваных за ўдзел у акцыях пратэсту даведаліся, што іх родных 2 кастрычніка перавялі адбываць пакараньне ў брагінскі ізалятар часовага ўтрыманьня.
Вядома прынамсі пра 5 арыштаваных, якіх перавялі ў Брагін. Пра гэта Свабодзе паведамілі сваякі затрыманых.
У ліку арыштаваных і пераведзеных у Брагін — Андрэй Філановіч з Узды (Менская вобласьць). Сваякі не маглі перадаць яму рэчы і прадукты, бо жывуць далёка, пра яго клапаціліся валянтэры.
У мінулую нядзелю ў Гомлі на Маршы пратэсту затрымалі каля сарака чалавек. Большасьць зь іх пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі.
Сваякі арыштаваных не выключаюць, што перавод у Брагін зьвязаны з тым, каб вызваліць месцы для «патэнцыйных парушальнікаў» перад чарговай акцыяй, якая заплянаваная на нядзелю.