Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыі проста нейкая неймаверная колькасьць». У Салігорску адбываецца акцыя пратэсту


Жыхары гораду сабраліся ў парку Чатырох стыхіяў.

Заклікі сабрацца 3 кастрычніка ў салігорскім парку Чатырох стыхіяў зьявіліся ў салігорскіх тэлеграм-каналах за некалькі дзён да прызначанай даты.

«Апранаемся прыгожа! Бярэм з сабой толькі добры настрой і сымбалічныя сувэніры адно для аднаго! — гаварылася ў адным з такіх паведамленьняў. — Знаёмімся, сьпяваем песьні, чытаем вершы, робім сэлфі, п’ем гарбату! Любыя музычныя інструмэнты вітаюцца! Нікога не баімося! Усьмешлівых супрацоўнікаў — вітаем усьмешкай. Ад нэгатыўна настроеных проста адварочваемся. Памятаем пра вірус, бярэм маскі. Грамадзкі парадак не парушаем! Правакатараў гонім у шыю!».

«Сабраліся каля ста чалавек, — расказаў Свабодзе відавочца. — У парку тут мост, людзі ў асноўным вакол яго, на самім мосьце таксама. Пляскаюць у ладкі, скандуюць „Жыве Беларусь!“. Навокал вельмі шмат міліцыі, проста неймаверная для Салігорску колькасьць.

Побач зь месцам збору людзей, літаральна за 200 мэтраў адсюль, знаходзіцца Цэнтральная плошча Салігорску. Там таксама сабраліся людзі — на афіцыйнае мерапрыемства. Нейкі агратрэш, рэгіянальны кірмаш. Вось так зараз гэта выглядае.

Была інфармацыя, што на падыходах да парку Чатырох стыхіяў затрымалі траіх чалавек, але невядома, наколькі гэта праўда. Міліцыя паўсюль тут, увесь парк аточаны. Людзі падыходзяць і сыходзяць, некаторыя з кветкамі. Больш нічога не адбываецца».

Неўзабаве пачалі прыходзіць весткі пра затрыманьні.

Як паведаміў Tut.by чытач з Салігорску, там была сустрэча з страйкоўцамі, у тым ліку з шахтаром Юрыем Корзунам, які некалькі тыдняў таму на глыбіні прыкаваў сябе кайданкамі да абсталяваньня на знак пратэсту супраць таго, што адбываецца ў краіне і на прадпрыемстве. Юры Корзун сказаў, што міліцыя дазволіла правесьці экскурсію для прыежджых па горадзе і нікога затрымліваць ня будуць. Аднак літаральна праз тры хвіліны прыехаў АМАП і пачаліся затрыманьні. Схапілі і Юрыя Корзуна.

Пратэсты ў Салігорску пачаліся ў дзень выбараў 9 жніўня і актыўна ішлі некалькі тыдняў. Людзі зьбіраліся ў цэнтры гораду на Цэнтральнай плошчы побач з райвыканкамам і галоўнай сядзібай «Беларуськалію». Там жа пасьля 17 жніўня пачалі зьбірацца шахтары, якія далучыліся да страйкаму прадпрыемства. Іхныя сходы адбываліся штораніцы на той жа Цэнтральнай плошчы, аднак паступова людзі перасталі зьбірацца.

Нягледзячы на фактычнае спыненьне страйку на «Белкаліі», у горадзе ідуць суды над удзельнікамі забастоўкі. Адным з апошніх асуджаных стаў Сяргей Казелька. 30 верасьня судзьдзя Пракаповіч прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту і прысудзіў Казельку 15 содняў арышту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG