Уцёкі аднаго з арганізатараў страйкаму «Беларуськалію», горнага інжынэра Дзьмітрыя Кудзялевіча, з допыту ў КДБ у Салігорску нагадваюць дэтэктыўную гісторыю. Але ён выбраўся зь яе пасьпяхова — пасьпеў перасячы дзяржаўную мяжу Беларусі і зьехаць спачатку ва Ўкраіну, а потым у Польшчу.
Як гэта было і чым цяпер займаецца, Дзьмітры Кудзялевіч расказаў у інтэрвію Свабодзе.
Выбавілі падманам, забралі ў КДБ
Дзьмітрыя Кудзялевіча затрымалі 20 жніўня падманам, запрасіўшы на сустрэчу пад выглядам паплечнікаў, каб абмеркаваць дэталі арганізацыі страйку. Калі ён прыехаў на сустрэчу, ягоную машыну ачапілі, самога выцягнулі, «перагрузілі» ў мікрааўтобус і адвезьлі ва ўпраўленьне КДБ у Салігорску. Там у часе перапынку ў допыце, калі застаўся толькі адзін супрацоўнік КДБ, ён папрасіўся ў прыбіральню, а адтуль уцёк праз фортку.
Дапамагло яму тое, што падчас затрыманьня ён здагадаўся пакінуць у салёне сваёй машыны ключы, таму пасьля ўцёкаў ён ужо на сваім аўтамабілі змог выехаць да найбліжэйшага ўчастку беларускай мяжы.
Пра што пыталіся ў КДБ
«Супрацоўнікаў КДБ цікавіла, хто выдаткоўвае грошы на правядзеньне страйку, гэта першае. А па-другое, яны хацелі атрымаць сьпіс тых, хто падтрымаў страйк і падпісаўся пад патрабаваньнямі (а гэта ануляваньне вынікаў выбараў, спыненьне гвалту і новыя сумленныя выбары)».
У часе допыту яму неаднаразова пагражалі крымінальнай адказнасьцю, але фізычнага гвалту не чынілі.
«Калі мне ўдалося ўцячы, я вярнуўся да сваёй машыны, зьехаў за Салігорск і схаваўся ў вясковай царкве. Я там нядаўна быў, таму і першая мая думка была — схавацца менавіта там. Але праз паўгадзіны роздуму я зразумеў, што рана ці позна мяне там усё роўна зловяць. Якія ў КДБ былі пляны наконт мяне, я ня ведаю, але разумеў, што літасьці чакаць ня варта», — расказаў Дзьмітры.
«Ніякага гераізму — я проста ратаваўся»
Дзьмітры Кудзялевіч кажа, што ў яго не было магчымасьці доўга разважаць над варыянтам уцёкаў.
«Няма нічога гераічнага ў тым, што мне ўдалося ўцячы з будынку КДБ і менавіта праз фортку. І рамантычнага таксама ў гэтым нічога ня бачу. Зьявілася магчымасьць — і я ёй скарыстаўся, бо разумеў: цяпер або ніколі. Для мяне не было розьніцы, як уцякаць. Тым больш я ж бачыў, што і як адбываецца навокал.
Я ўсё жыцьцё быў палітычна актыўным і ведаю пра ўсе злачынствы нашай улады. Вядома, я ня стаўлю сябе ў адзін шэраг са зьніклымі палітыкамі Захаранкам і Ганчаром ці зь бізнэсоўцам Красоўскім, але я ведаў, што калі я застануся там, у КДБ, то мне мала ня будзе».
«Украіну люблю, але бясьпекі там не адчуваў»
Мяжа з Украінай была для Дзьмітрыя Кудзялевіча адзінай магчымасьцю зьехаць зь Беларусі, бо выезд у іншыя краіны быў закрыты ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.
«На беларускай мяжы не было паглыбленага надгляду і вывучэньня маёй асобы. Мяркую, што ў той момант, паколькі я яшчэ ня меў ніякага афіцыйнага статусу (у крымінальным ці адміністрацыйным працэсе. — РС), то мяне і не абвяшчалі ні ў які вышук. Апроч таго, супрацоўнікі КДБ, напэўна, думалі, што я ўсё яшчэ знаходжуся недзе ў Салігорску».
Дзьмітры мае шмат сяброў ва Ўкраіне. Захапляецца горнымі лыжамі і неаднаразова наведваў украінскі горналыжны курорт «Букавель». А сёлета ў лютым, калі ён быў у Кіеве, запісаў адмысловы відэазварот для сваіх сяброў у сацыяльных сетках з плошчы Незалежнасьці і расказаў аб падзеях 2013–2014 гадоў:
У той жа час Дзьмітры прызнаўся, што, нягледзячы на ягонае добрае стаўленьне да ўкраінцаў і Ўкраіны як дзяржавы, у яго пасьля ўцёкаў зь Беларусі не было ўпэўненасьці, што знаходжаньне на ўкраінскай тэрыторыі будзе бясьпечным для яго:
«Я шмат часу праводзіў ва Ўкраіне, бо, апроч сваёй працы на „Беларуськаліі“, я яшчэ індывідуальны прадпрымальнік, вазіў турыстаў у Букавель ва Ўкраіне. Абедзьве рэвалюцыі ва Ўкраіне адбываліся на маіх вачах.
Калі ўехаў ва Ўкраіну, адразу зьвязаўся са сваімі сябрамі, адзін зь іх прапанаваў ехаць у Кіеў. Ужо зь Кіева паведаміў жонцы і сябрам, што я ў бясьпецы, а потым зьвярнуўся ў консульства Польшчы, бо лічыў, што заставацца ва Ўкраіне не зусім бясьпечна, улічваючы адкрытыя межы зь Беларусьсю і Расеяй».
Дапамогу атрымаў ва Ўкраіне і Польшчы
Дзьмітры Кудзялевіч кажа, што па прыезьдзе ва Ўкраіну яму дапамог фонд BySol на чале з Андрэем Стрыжаком — і юрыдычна, і матэрыяльна:
«Мне дапамаглі ва ўсім — і проста матэрыяльна, і з жытлом. Ніхто не застаўся абыякавым да мяне».
Цягам некалькіх дзён Дзьмітры атрымаў гуманітарную візу ў консульстве Польшчы ў Кіеве. Адразу пасьля прыезду яго накіравалі на тры тыдні ў мясцовы санаторый, дзе па ўзгадненьні з польскімі ўладамі праходзяць рэабілітацыю і лячэньне шмат беларусаў, якія пацярпелі ў першыя дні пратэстаў ад гвалту сілавікоў і перасьледу міліцыі:
«Там было шмат фізычна траўмаваных людзей. Са мной у нумары быў хлопец з прастрэленымі грудзьмі, а ў суседнім пакоі — хлопец, у якога ад сьвятлашумавой гранаты была раздробленая пятка. Там было шмат людзей, траўмаваных і фізычна, і псыхалягічна. Імі займаецца арганізацыя „Беларускі дом“ у Варшаве».
Найбліжэйшым часам Дзьмітры Кудзялевіч плянуе зьвярнуцца да польскіх уладаў па атрыманьне палітычнага прыстанішча.
Зь «Беларуськалію» ўжо звольнілі
Дзьмітры Кудзялевіч штодня кантактуе са сваімі паплечнікамі па страйкаму «Беларуськалію».
«Мяне адтуль звольнілі і прыслалі адпаведнае паведамленьне па месцы жыхарства, але я працягваю кантактаваць і з калегамі, і зь сябрамі страйкаму. Актывістаў перасьледуюць, затрымліваюць. Зараз старшыня страйкаму Анатоль Бокун таксама знаходзіцца на „сутках“».
Паводле Кудзялевіча, сябры страйкаму непахісныя ў сваіх патрабаваньнях і намерах, але ў цэлым, у межах усяго аб’яднаньня «Беларуськалій», сытуацыя не настолькі адназначная:
«На прадпрыемствах «Беларуськалію» працуе каля 20 тысяч жыхароў Салігорску. Мала таго, што адміністрацыя вядзе актыўную ідэалягічную барацьбу, але і выкарыстоўвае адміністрацыйны ціск — пазбаўляюць прэміяў, пагражаюць звальненьнем. Людзі запужаныя, баяцца страціць працу, таму, на жаль, прадпрыемства працуе, хаця некаторыя спрабуюць выкарыстоўваць мэтады «італьянскай забастоўкі».
Дзьмітры кажа, што працоўныя могуць паўплываць на рэжым працы прадпрыемства, не парушаючы працоўнага рэглямэнту:
«Ёсьць адмысловы парадак дзеяньняў, і мы гэта рабілі на пачатку нашага страйку, каб пасьлядоўна прыпыніць вытворчасьць. Ніякай тэхнагеннай катастрофы ад гэтага на прадпрыемстве не адбудзецца. Але трэба прытрымлівацца пэўнага парадку — як у шахце пад зямлёй, так і на паверхні. Але не хапае чалавечага рэсурсу, бо „ўлады“ не бязьдзейнічаюць».
Як прызнаецца Дзьмітры, і ў часе свайго знаходжаньня ва Ўкраіне, і цяпер у Польшчы ён працягвае працаваць і дапамагаць сваім паплечнікам са страйкаму.
Жонку выклікалі ў КДБ
Сям’я Дзьмітрыя Кудзялевіча — жонка і дзеці — пакуль застаецца ў Салігорску. Ён сумуе і перажывае за іхную бясьпеку:
«Дачцэ 25 верасьня споўнілася 9 гадоў, а сыну ў кастрычніку будзе 17. Я вельмі сумую і перажываю за іхную бясьпеку. Пасьля маіх уцёкаў жонку аднойчы выклікалі ў КДБ, цяпер цішыня. Хаця ад гэтай цішыні мне ні на кроплю не спакайней».
«Пакуль не зусім ясна, як уладкавацца ў Польшчы. Нам з жонкай патрэбна ўпэўненасьць, а дзецям яшчэ і вучыцца трэба. Я ж не абыякаваы да долі сваёй сям’і. Назіраю за сытуацыяй і трымаю руку на пульсе. У выпадку нават невялікай пагрозы іхнай бясьпецы я ўсё зраблю, каб яны далучыліся да мяне. Тут ужо не да бытавых нязручнасьцяў будзе».