Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі зьняпраўдзіў зьвесткі пра тое, што касьцёл у Беларусі нібыта выкарыстоўваецца зьнешнімі сіламі ў палітычных мэтах, перадае Catholic.by.
Раней гэта сьцьвярджаў кіраўнік Службы зьешняй выведкі Расеі Сяргей Нарышкін.
«Інфармацыя, якую падаў кіраўнік службы зьнешняй выведкі Расеі, — гэта — лухта. Ён казаў пра нейкія правакацыі, пра тое, што ЗША, ЦРУ ды іншыя спрабуюць выкарыстаць каталіцкі касьцёл для падрыву дзяржаўнага ладу ў нашай краіне. Фэйкавая інфармацыя, хлусьня, якая ня мае нічога супольнага з праўдай» ,— сказаў біскуп.
Паводле Юрыя Касабуцкага, каталіцкія сьвятары не атрымліваюць ніякіх інструкцый, і ня толькі палітычнага характару.
«Мы сьвятароў заахвочваем да малітвы, да правядзеньня Ружанцовых набажэнстваў, да арганізацыі благаслаўленьня могілак у лістападзе, калі на працягу тыдня молімся за памерлых. Але нават пры гэтым мы не даем інструкцый, якім чынам гэта рабіць. Ёсьць адпаведныя літургічныя абрады і прадпісаньні, якіх трымаюцца сьвятары ва ўсім сьвеце. І яны самі ведаюць, што ім трэба казаць пры гэтым вернікам».
Інфармацыя пра тое, што маюць месца заклікі да адкрытага выказваньня падчас набажэнстваў, абсалютна безгрунтоўныя, адзнчае ён.
«Магчыма, гэтыя заявы неяк зьвязаныя з агульнай нашай пазыцыяй. Сёньня касьцёл кажа праўду пра сытуацыю ў краіне, выступае супраць гвалту, заахвочвае людзей да салідарнасьці, міру, прабачэньня. Можа, такім чынам мы перашкаджаем камусьці ў рэалізацыі нейкіх сцэнароў, скіраваных на падзел у грамадзтве, на крывавае разьвіцьцё падзеяў. Можа, хтосьці спрабуе выкарыстаць гэтую сытуацыю, каб падзяліць людзей паводле прынцыпу веравызнаньня, каб абвінаваціць нас у тым, чаго мы ўсімі сіламі імкнемся пазьбегнуць», — падсумаваў Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі.