Сёньня Вярхоўны суд Карэліі павялічыў тэрмін зьняволеньня ў калёніі для гісторыка, кіраўніка карэльскай філіі «Мэмарыялу» Юрыя Дзьмітрыева з трох з паловай да 13 гадоў.
Управа Міжнароднага таварыства «Мэмарыял» выступіла з заявай у сувязі з вынесеным прысудам, у якой, у прыватнасьці, гаворыцца:
«Судовы працэс, які праходзіў два дні ў Вярхоўным судзе Карэліі, нельга лічыць справядлівым, хоць бы таму, што падсудны, па сутнасьці, быў пазбаўлены паўнавартаснай абароны. Суд беспадстаўна адмовіўся адкласьці працэс да ачуняньня адваката, які абараняў Дзьмітрыева амаль чатыры гады, і не прыняў пад увагу адмову Дзьмітрыева ад адваката па прызначэньні.
Справа Дзьмітрыева была сфабрыкаваная з палітычных матываў. Прычына — ня толькі ў яго шматгадовай працы па ўшанаваньні памяці ахвяраў савецкага тэрору. Сандармох стаў памятным месцам, мэмарыялам міжнароднага значэньня. Дні памяці зноў і зноў паказвалі: масавы тэрор быў ня «збоем» савецкай сыстэмы, а яе асновай. Тут адчувалася сувязь гісторыі і сучаснасьці: у 2015 годзе Юры Дзьмітрыеў казаў тут пра вайну на ўсходзе Ўкраіны. Магчыма, гэта і стала «спускавым кручком».
У ліпені Дзьмітрыева прызналі вінаватым у гвалтоўных дзеяньнях сэксуальнага характару ў адносінах да прыёмнай дачкі. Сёньня Вярхоўны суд зьмяніў тэрмін. Калі б прысуд застаўся бязь зьменаў, Дзьмітрыеў ужо ў лістападзе мог бы выйсьці на волю.
Па артыкулах аб распусных дзеяньнях, вырабе парнаграфіі і незаконным захоўваньні зброі Дзьмітрыеў у ліпені быў апраўданы. Зараз Вярхоўны суд Карэліі адправіў справу ў апраўдальнай частцы прысуду на новы разгляд.
Гісторык настойвае на сваёй невінаватасьці. У яго абарону была арганізаваная грамадзкая кампанія. Напярэдадні дзеячы культуры, навукоўцы, праваабаронцы, палітыкі і журналісты зьвярнуліся да старшыні Вярхоўнага суду Карэліі Анатолія Накваса з просьбай перанесьці разгляд справы Дзьмітрыева ў іншы рэгіён Расеі, аднак суд адмовіўся гэта зрабіць.
У 90-х экспэдыцыя пад кіраўніцтвам Дзьмітрыева выявіла ў Карэліі масавыя пахаваньні ахвяраў палітычных рэпрэсіяў ва ўрочышчы Сандармох. Былі складзеныя сьпісы загінулых, якія налічвалі больш за 6 тысяч імёнаў. Дзьмітрыеў — аўтар дзьвюх кніг: «Месца расстрэлу — Сандармох» і «Месца памяці Сандармох».