Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заканадаўцы з 29 краінаў сьвету запатрабавалі ад Лукашэнкі вызваліць Марыю Калесьнікаву


Марыя Калесьнікава, архіўнае фота.
Марыя Калесьнікава, архіўнае фота.

Амэрыканскія заканадаўцы са сваімі міжнароднымі калегамі накіравалі ліст Аляксандру Лукашэнку з патрабаваньнем неадкладна вызваліць лідэрку беларускай апазыцыі Марыю Калесьнікаву і зьняць зь яе ўсе абвінавачаньні, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Заканадаўцы таксама заклікаюць да неадкладнага вызваленьня сябраў Каардынацыйнай рады Максіма Знака, Ільлі Салея і іншых палітычных зьняволеных, у тым ліку Віталя Шклярава, грамадзяніна ЗША і Беларусі і мужа амэрыканскай дыпляматкі, незаконна зьняволенага.

«Арышт Калесьнікавай не пакладзе канец дэманстрацыям беларусаў за свабоду ў Беларусі. Гэта таксама ня зьменшыць нашу калектыўную рашучасьць падтрымаць беларускі народ і прыцягнуць да адказнасьці рэжым Лукашэнкі і замежных гульцоў за сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека, учыненыя супраць беларусаў», — адзначаюць аўтары ліста.

274 заканадаўцы таксама заклікалі рэжым Лукашэнкі спыніць гвалт у дачыненьні да беларускага народу ў адпаведнасьці з абавязаньнямі Беларусі паводле Заключнага акту Нарады па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе.

Аўтары ліста адзначылі, што «рашуча падтрымліваюць старанна прадуманыя санкцыі супраць парушальнікаў правоў чалавека ў Беларусі і за яе межамі ў каардынацыі з трансатлянтычнымі саюзьнікамі і міжнароднымі партнэрамі».

Свае подпісы пад лістом паставілі таксама парлямэнтары Ўкраіны, Малдовы, Фінляндыі, Польшчы, Бэльгіі, Румыніі, Нідэрляндаў, Славаччыны, Італіі і іншых краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG