Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматтысячнае шэсьце па праспэкце Незалежнасьці ў раёне парку Чалюскінцаў
Шматтысячнае шэсьце па праспэкце Незалежнасьці ў раёне парку Чалюскінцаў

Дзясяткі тысяч менчукоў выйшлі на марш пратэсту насуперак затрыманьням. Як прайшоў у Беларусі 50-ы дзень пратэстаў

абноўлена

Пасьля таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі 23 верасьня заклікалі сёньня правесьці народную інаўгурацыю Сьвятланы Ціханоўскай, якую многія лічаць сапраўднай пераможцай выбараў 9 жніўня 2020 году.

11:44 27.9.2020

«Galleria», «Замак» і «Карона» зачыніліся перад пратэстамі

Некалькі гандлёвых цэнтраў у Менску абвясьцілі, што 27 верасьня ня будуць працаваць. Сярод іх «Galleria Minsk», «Замак», што на праспэкце Пераможцаў, «Карона» на вуліцы Кальварыйскай. Яны знаходзяцца ў тых месцах, дзе ў мінулыя нядзелі адбываліся пратэсты і затрыманьні. Некаторыя ўдзельнікі акцый хаваліся ў гэтых гандлёвых цэнтрах ад сілавікоў у балаклавах. Хутчэй за ўсё ня будзе працаваць і падземны гандлёвы цэнтар «Сталіца» на Плошчы незалежнасьці.

12:00 27.9.2020

Цэнтральныя плошчы ў Менску зноў абгароджаныя і блякаваныя

На плошчы Незалежнасьці ў Менску агароджа і сілы сілавікоў у балаклавах. Яны таксама стаяць каля ўваходаў у падземныя пераходы каля паштамту, праход да плошчы перакрыты. Абгароджаная Кастрычніцкая плошча, пляцоўка каля стэлы «Менск — горад-герой».

Спэцтэхніка сагнаная да Палацу Незалежнасьці, адной з рэзыдэнцый Аляксандра Лукашэнкі.

12:02 27.9.2020

Музыкаў гурту Best Sound Band, якія выступалі падчас Жаночага маршу, зьмясьцілі ў турму на Акрэсьціна

Падчас Жаночага маршу 26 верасьня ў падземным пераходзе на Плошчы Якуба Коласа ў Менску затрымалі музыкаў кавэр-гурту Best Sound Band. У міліцыю іх даставілі разам са скрыпкай, баянам, бубнам і дзьвюма гітарамі.

Калі частка пратэстоўцаў спусьцілася ў пераход, пяцёрка заграла «Перемен» Віктара Цоя і «Муры» Льюіса Льяка. Людзі віталі маладых музыкаў, падпявалі ім. Але неўзабаве зьявіліся міліцыянты, якія загадалі спыніцца і зьбірацца ў аддзяленьне для «высьвятленьне асобаў».

12:06 27.9.2020

МУС: за ўчора затрымалі 150, за кратамі пакінулі 116

Як сьцьвярджае МУС, учора ў Беларусі было 10 пратэставых акцыяў, у якіх узялі ўдзел 300 чалавек (недзяржаўныя СМІ налічылі толькі ў Менску дзьве тысячы ўдзельніц «жаночага маршу», дзе МУС налічыла 200 чалавек), а таксама 13 праўладных акцыяў з 40 тысячамі ўдзельнікаў.

Праваабаронцам вядомыя імёны 124 затрыманых учора ў Менску і 12 – у іншых гарадах.

12:16 27.9.2020

Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да беларусаў з нагоды 50-га дня мірнага пратэсту

«Гісторыя апошніх месяцаў паказвае, што мы можам усё. З таго моманту, як я вырашыла падаць дакумэнты ў ЦВК, здаецца, прайшла цэлае жыцьцё. Цэлае жыцьцё самых розных падзей і складаных рашэньняў, але галоўнае — гонару за свой народ, гонар быць адной з вас », — гаворыцца ў телеграм-канале «Пул першай».

«Дэмакратыя — гэта ўлада народа. А цэлы народ мацней аднаго чалавека, бо народ змагаецца за свае правы, сваю будучыню і будучыню сваіх дзяцей. Нас мільёны, і мы гатовыя несьці адказнасьць за свае рашэньні. Вось чаму мы пераможам », — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская.

12:22 27.9.2020

Двух чалавек ужо затрымалі ў Менску — каля гандлёвага цэнтру «Галерэя», перадае «Белсат»

12:48 27.9.2020

Калёна БТР на праспэкце Пераможцаў у Менску

БТР і іншая баявая тэхніка на менскіх вуліцах зьяўляецца не ўпершыню, звычайна яна ахоўвае рэзыдэнцыю Лукашэнкі ў Палацы Незалежнасьці.

12:51 27.9.2020

Каардынацыйная рада атрымала першыя паўмільёна галасоў у падтрымку сваіх паўнамоцтваў

Збор подпісаў працягваецца. Пра гэта заявіў сябра прэзыдыюму гэтай грамадзянскай плятформы дзеля агульнанацыянальнага дыялёгу Павал Латушка.

13:12 27.9.2020

Вайсковая тэхніка пад рэзыдэнцыяй Лукашэнкі

Кадры ад чытачоў, ваколіцы Палацу Незалежнасьці ў Менску цяпер, шмат вайскоўцаў і тэхнікі.

13:22 27.9.2020

Цэнтральныя станцыі мэтро зачынілі

У Менску закрыты цэнтральныя станцыі мэтро «Плошча Леніна», «Плошча Якуба Коласа», «Плошча Перамогі», «Кастрычніцкая», «Няміга» і «Фрунзэнская».

Рэзыдэнцыю Лукашэнкі ў Палацы незалежнасьці ахоўваюць баявыя машыны БПМ і БРДМ, шмат спэцтэхнікі МУС, вадамёты, – відэа перамяшчэньня тэхнікі жыхары Менска выкладваюць у сацыяльныя сеткі.

13:33 27.9.2020

На Нямізе малалюдна, езьдзяць мікрааўтобусы сілавікоў


У Менску перакрыты праспэкт Пераможцаў, але ў раёне Нямігі па ім нармальна езьдзяць машыны і грамадзкі транспарт. На вуліцы Няміга і ў пачатку праспэкту Пераможцаў людзей мала, магчыма, меней, чым звычайна, бо не працуюць вялікія гандлёвыя цэнтры.

Насупраць Палацу спорту стаяць мікрааўтобусы сілавікоў, такія ж мікрааўтобусы езьдзяць па вуліцах на невялікай хуткасьці.
Кастрычніцкая плошча абгароджаная турнікетамі, калючага дроту, як раней, сёньня тут няма. Ніякіх знакаў, што людзі зьбіраюцца, пакуль няма, перадаюць карэспандэнты Свабоды.

13:57 27.9.2020

Жывая трансьляцыя тэлеканалу «Настоящее время»

Тэлеканал «Настоящее время» ад 14:00 вядзе трансьляцыю зь беларускіх гарадоў у жывым эфіры.

Больш за паўтара месяца ў Беларусі не сьціхаюць пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх, паводле Цэнтарвыбаркаму, шосты раз запар перамог Аляксандар Лукашэнка. 23 верасьня ў рэжыме сакрэтнасьці адбылася таемная інаўгурацыя. У адказ Каардынацыйная рада заявіла пра бестэрміновую акцыю непадпарадкаваньня. На 27 верасьня прызначылі «народную інаўгурацыю» Сьвятланы Ціханоўскай.

14:04 27.9.2020

У Менску пачаліся затрыманьні ўдзельнікаў пратэстнай акцыі

Супрацоўнікі праваахоўных органаў у Менску ў нядзелю пачалі затрымліваць удзельнікаў чарговага несанкцыянаванага маршу апазыцыі.

Як перадае «Інтэрфакс», пратэстоўцы зьбіраюцца ў спальных раёнах і калёнамі рухаюцца да цэнтру гораду. Тым часам сілавікі імкнуцца не дапусьціць іх прыходу ў цэнтр. Людзей затрымліваюць па дарозе на акцыю на прылеглых да праспэкту Незалежнасьці вуліцах. Каля 10 чалавек затрымалі на падыходах да праспэкта Машэрава. Людзі накіроўваліся да стэлы «Мінск горад-герой».

У ГУУС Менскага гарвыканкама агенцтву «Інтэрфакс» пацьвердзілі факт затрыманьняў. «Ёсьць некалькі затрыманых у рамках адміністрацыйнага працэсу», – паведаміла афіцыйны прадстаўнік ГУУС Натальля Ганусевіч.

14:25 27.9.2020

Людзі зьбіраюцца, на Нямізе зьявіліся першыя бела-чырвона-белыя сьцягі

Нягледзячы на кропкавыя затрыманьні, у раёне Нямігі ў Менску пачынаюць зьбірацца людзі, зьявіліся першыя нацыянальныя сьцягі на плячах у пратэстоўцаў, перадае карэспандэт Свабоды. Людзі ў раёне скрыжаваньня вуліцы Нямігі і праспэкта Пераможцаў гуляюць, у калёны не зьбіраюцца. Мікрааўтобусы з сілавікамі езьдзяць, папярэджваюць патэнцыйных удзельнікаў маршу.​

14:28 27.9.2020

Вось як затрымлівалі на скрыжаваньні Машэрава і Пераможцаў у Менску

14:30 27.9.2020

Жорсткія затрыманьні ў Горадні і Лідзе

У Горадні нечакана пачаліся жорсткія затрыманьні. Схапілі дзясяткі чалавек. Паміж сілавікамі і пратэстоўцаў і завязалася бойка.

А вось так затрымліваюць у Лідзе.

14:31 27.9.2020

Міліцыя не дае людзям сабрацца ў цэнтры Магілёву

Міліцыя не дае прыхільнікам пераменаў сабрацца на плошчы ля гандлёвага цэнтру «Атрыюм», зь якой традыцыйна пачынаюцца акцыі пратэсту. У тых, хто на лаўках, правяраюць торбы і патрабуюць выдаліць фатаздымкі зь міліцыяй з мабільных тэлефонаў. На мясцовым прыпынку грамадзкага транспарту, закрытым пасьля 14 гадзінаў, стаіць аўтазак. Прылеглыя сквэры патрулююць амапаўцы. У дварах стаяць аўтобусы зь міліцыяй.

14:34 27.9.2020

Сотні чалавек на праспэкце Пераможцаў у Менску

На праспэкце Пераможцаў сабраліся сотні людзей, яны разгрупаваліся па розных месцах, у тым ліку насупраць Палацу спорту, ля гатэлю “Юбілейны”. Агулам, паводле падлікаў карэспандэнтаў Свабоды, там гуляе некалькі соцень чалавек, актыўных дзеяньняў яны ня робяць, часам пляскаюць у ладкі.

Тым часам сілавікі пільна аглядаюць рэчы людзей на праспэкце Пераможцаў.

14:42 27.9.2020

Менск. Затрыманьнні пачаліся на праспэкце Пераможцаў

Да гатэля «Юбілейны» пад’ехаў АМАП у чорным і аўтазакі, людзей гоняць далей ад праспэкта, пачаліся затрыманьні, карэспандэнты Свабоды налічылі 5 затрыманых у першыя хвіліны.

14:43 27.9.2020

У Гомлі людзей адціскаюць зь месцу збору

АМАП адціскае людзей ад сквэру Грамыкі, дзе сёньня зьбіраліся распачаць марш. Кажуць, «дзеяньні людзей незаконныя».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG