Мастака Ўладзімера Сколышава жорстка затрымалі ў Горадні 20 верасьня, калі разагналі асноўную пратэставую акцыю. Ён гучна крычаў сваё імя, і яго прывезьлі ў РАУС у крыві. 25 верасьня ён выйшаў на волю.
Відэа, на якім хлопца трымаюць некалькі чалавек у масках, зьявілася ў сеціве 20 верасьня. На ім гарадзенец ляжыць тварам у зямлю і шмат разоў выкрыквае сваё імя «Уладзімер Сколышаў», а таксама просіць паведаміць у праваабарончы цэнтар «Вясна». Пазьней затрыманыя, якія выходзілі зь міліцыі, расказвалі, што бачылі ўнутры хлопца з тварам, залітым крывёй, і ў плястыкавай сьцяжцы.
Уладзімер пасьля 5 дзён арышту расказаў сваю вэрсію падзеяў. Ён ехаў у горадзе па маці. Адзін раз яго спыніў супрацоўнік ДАІ, але ня мог нічога яму прад’явіць. Хлопец паехаў. Другі раз ён пачуў праз акно, што даішнікам здалося, нібыта хлопец крычаў непрыстойныя словы і паказваў непрыгожы жэст. Неўзабаве, калі ён стаяў на сьвятлафоры на вуліцы Горкага, да яго ззаду падбеглі людзі ў поўным рыштунку, балаклавах, вайсковым адзеньні.
«Яны пачалі крычаць. У лічаныя сэкунды адзін зь іх разьбіў шыбу, пачаў мяне душыць. Другі таксама засунуў рукі ў салён. Мяне пачалі хапаць за рукі. Я ад пачатку казаў, што я не супраціўляюся», — успамінае Ўладзімер.
Яго выцягнулі з машыны, кінулі «мордай у падлогу». Пачалі абражаць, казалі, што для яго «ўсё толькі пачынаецца», нібыта «такія людзі жыць не павінны». На рукі надзелі сьцяжку. Кроў на скроні і твары зьявілася пасьля таго, як яго білі на зямлі. У мікрааўтобусе па дарозе ў Ленінскі РАУС яго таксама зьбівалі.
«Адзін з супрацоўнікаў сказаў: „Дай бізун“. Бізуна не знайшлося. Кіроўца даў яму дручок, той ударыў мяне адзін раз па ягадзіцы. Ад гэта застаўся вялікі сіняк», — расказвае Ўладзімер.
Кажа, што калі мыў пасьля майку, вада была бардовага колеру ад крыві.
«Жартавалі, што я падобны да Тэрмінатара», — усьміхаецца Сколышаў.
На яго склалі тры пратаколы: адзін за дробнае хуліганства, бо нібыта паказваў непрыстойны жэст, і два за непадпарадкаваньне міліцыі, калі спыніўся, а потым зьехаў ад даішніка, а другі раз, калі нібыта хапаўся за стырно і крэсла, калі яго выцягвалі з машыны.
Уладзімер сваёй віны не прызнае і будзе абскарджваць рашэньне суду.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.