Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон не для ўсіх? Прыхільнікі Лукашэнкі правялі акцыю ля амбасады Літвы


Ілюстрацыйнае фота. Удзельнік праўладнага мітынгу
Ілюстрацыйнае фота. Удзельнік праўладнага мітынгу

У першай палове дня 24 чэрвеня каля амбасады Літвы ў Менску на вуліцы Захарава прайшоў пікет прыхільнікаў дзейнай улады. Каля трох дзясяткаў чалавек зь дзяржаўнымі сьцягамі ўсталі насупраць амбасады непадалёк ад уваходу. Відэа акцыі зьявілася ў тэлеграм-канале «Мотолько помоги».

Удзельнікі акцыі трымалі плякаты «Руки прочь от Беларуси», «Забыли, хто вас освобождал в 1944?», «Тихановскую в президенты Литвы» і скандавалі лёзунгі, у тым ліку знакамітую цытату Лукашэнкі — «Любимую не отдадим».

Як заўважыў Reform.by, міліцыі побач з дэманстрантамі заўважана не было, іх не заклікалі разысьціся і не затрымлівалі, як бывае звычайна на несанкцыянаваных масавых акцыях у Беларусі. Між тым, паводле артыкула 9 закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», яны не дапускаюцца ў тым ліку «на адлегласьці менш за 50 мэтраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня, [...] дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў [...]».

Месца, дзе праводзілі пікет прыхільнікі дзейнай улады, ад будынку амбасады нашмат бліжэй за 50 мэтраў. Ад бліжэйшага рогу будынку да месца пікету каля 30 мэтраў. А ад агароджы амбасады і варотаў са шлягбаўмам да пікету — ня больш за 12 мэтраў. Таму нават калі арганізатары падавалі заяўку на пікет у органы ўлады, ім наўрад ці маглі выдаць дазвол на акцыю ў гэтым месцы, бо гэта супярэчыць закону. І, паколькі акцыя ў недазволеным месцы, супрацоўнікі міліцыі маглі запатрабаваць ад удзельнікаў разысьціся або затрымаць іх і скласьці пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

За ўдзел у акцыях пратэсту супраць дзейнай улады толькі за першы месяц пасьля прэзыдэнцкіх выбарах затрымалі больш за 10 тысяч чалавек.

Гэта ўжо ня першая акцыя прыхільнікаў Лукашэнкі каля амбасады Літвы за апошнія тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG