Праваабаронца і юрыст Гары Паганяйла назваў таемную інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі «каранаваньнем баязьліўца».
«Інаўгурацыя доўжылася каля гадзіны і прайшла ў строгай сакрэтнасьці, без абвесткі пра тое, што кіраўнік дзяржавы ўступае на пасаду. Гэта ўсё зьвязана з тым, што ён, як і раней, паводзіць сябе, як паганы баязьлівец. Разумее, што нелегітымны, што выбараў ня выйграў, што народ выказаўся супраць, і гэтая чарговая кадэнцыя на шосты тэрмін абсалютна незаконная. Таму, як усякую чорную справу, паспрабаваў гэта зрабіць ўпотай».
Паводле Гары Паганяйлы, ня варты павагі ўчынак Лукашэнкі пакідае вельмі цяжкі асадак у душах бальшыні беларусаў.
«Яны былі маральна гатовыя да таго, што ён правядзе інаўгурацыю такім чынам. Але я ня думаю, што ён тым самым замацуецца на пасадзе прэзыдэнта. Барацьба беларускага народу працягнецца, і яго ўсё роўна чакае бясслаўны канец», — падсумаваў праваабаронца.