Алесь Бяляцкі, старшыня праваабаронага цэнтру «Вясна», пракамэнтаваў Свабодзе цырымонію ў Палацы Незалежнасьці:
«Людзі не ўспрымаюць гэта як рэальную інаўгурацыю. Але па-іншаму ён, напэўна, зрабіць ня мог. Калі б інаўгурацыя была абвешчаная загадзя, тут бы ўжо стаялі 200 тысяч дэманстрантаў пад ягоным палацам. Трэба было альбо праводзіць тайна, альбо пры вялізнай дэманстрацыі, якая б не маўчала.
Таму і пайшлі на такі варыянт, варты жалю. Ён варты жалю, ён чапляецца за гэту ўладу, робіць выгляд, што там, за сьценамі ягонага палаца, нічога не адбываецца. Таму гэта чарговы паказьнік слабасьці Лукашэнкі.
Такой інаўгурацыяй ён спыняе свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Таму што ён становіцца нелегітымным прэзыдэнтам. Такая інаўгурацыя выкліча яшчэ большыя масавыя пратэсты супраць такіх дзеяньняў.
Большасць беларусаў ня лічаць яго прэзыдэнтам, а лічаць чалавекам, які скраў гэтую ўладу, таму ніякім чынам гэтая інаўгурацыя не паспрыяе яму. Толькі робіць легітымным у вачах вайсковай хунты, на якую ён абапіраецца, і ў вачах сваіх найбліжэйшых саюзьнікаў, найперш Расеі і Вэнэсуэлы. Наш грамадзка-палітычны крызіс, які пачаўся падчас прэзыдэнцкай кампаніі, прымае новы абарот».