Такое меркаваньне выказаў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, выступаючы ў аўторак на агульнапалітычных дэбатах 75-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН. Агульнапалітычныя дэбаты ў ГА праходзяць ад 22 да 29 верасьня ў фармаце загадзя запісаных відэавыступаў.
«Фундамэнтальныя асновы дэмакратычнага грамадзтва і свабоды слова, а таксама права на самавызначэньне падвяргаюцца нападкам у Беларусі, — сказаў ён. — Прыйшоў час абараняць каштоўнасьці міжнароднай супольнасьці».
Паводле Наўседы, «ААН мусіць уважліва сачыць за сытуацыяй у Беларусі, заклікаць яе ўлады ўстрымлівацца ад ужываньня сілы, забясьпечыць захаваньне правоў чалавека і пачаць перадачу ўлады».
Тэма Беларусі прысутнічала і ў выступах на асамблеі іншых кіраўнікоў дзяржаваў. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што «ў выпадку зь Беларусьсю ёсьць рызыка ўзьнікненьня разлому на эўрапейскім кантынэнце».
Макрон таксама падкрэсьліў, што лічыць неабходным вырашаць беларускі крызіс пры пасярэдніцтве АБСЭ. Паводле яго, ён разам з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель выказваў гэты пункт гледжаньня падчас кантактаў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Прэзыдэнт Латвіі Эгілс Лэвітс у сваім выступе адзначыў, што «з глыбокай заклапочанасьцю» сочыць за сытуацыяй у Беларусі, і заклікаў да новых, дэмакратычных і транспарэнтных выбараў у краіне і спыненьня рэпрэсій ў дачыненьні да дэманстрантаў.
«Мы таксама заклікаем Расею ўстрымацца ад далейшага ўмяшання ў Беларусі», — дадаў ён, удакладніўшы, што Латвія «заўсёды гатовая падзяліцца сваім багатым досьведам аднаўленьня дэмакратыі і свабоды».