Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля выступу Ціханоўскай у Эўрапарлямэнце ўхвалілі рэкамэндацыі па пераглядзе адносін Эўразьвязу зь Беларусьсю


Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу ў Эўрапарлямэнце 21 верасьня
Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу ў Эўрапарлямэнце 21 верасьня

Перамовы аб прыярытэтах партнэрства Эўразьвяз — Беларусь неабходна прыпыніць да таго часу, пакуль у Беларусі не правядуць новыя, свабодныя і справядлівыя прэзыдэнцкія выбары, гаворыцца ў рэкамэндацыях па пераглядзе Эўразьвязам адносін зь Беларусьсю, якія прыняў камітэт Эўрапарлямэнту па замежных справах.

За прыняцьце рэкамэндацый прагаласавалі 60 чальцоў камітэту, супраць — 7, устрымаўся — 1, паведамляе прэс-служба Эўрапарлямэнту. У дакумэнце адзначаецца, што перагляд адносін зь Беларусьсю неабходна зрабіць з акцэнтам на тым, як Эўразьвяз можа падтрымаць грамадзянскую супольнасьць і народ Беларусі.

У рэкамэндацыях адзначаецца, што камітэт:

  • падтрымлівае рашэньне Эўразьвязу і яго краін-чальцоў не прызнаваць вынікі сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі: «Аляксандар Лукашэнка ня будзе зьяўляцца законным прэзыдэнтам па заканчэньні тэрміну яго цяперашніх паўнамоцтваў 5 лістапада»,
  • падтрымлівае народ Беларусі ў яго законных патрабаваньнях новых, свабодных і справядлівых выбараў і настойвае на поўнай адпаведнасьці выбарчага працэсу ў Беларусі міжнародным стандартам,
  • прызнае Каардынацыйную раду, ініцыяваную Сьвятланай Ціханоўскай, законным прадстаўніком народу, які патрабуе дэмакратычных зьменаў і свабоды ў Беларусі,
  • патрабуе неадкладнага спыненьня гвалту, жорсткіх рэпрэсій, катаваньняў і ўціску мірных дэманстрантаў, а таксама неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і журналістаў,
  • заклікае Эўразьвяз як мага хутчэй увесьці санкцыі ў дачыненьні да вялікай групы беларускіх службовых асоб, у тым ліку Лукашэнкі.

Рэкамэндацыі таксама тычацца пытаньняў эканамічнага і галіновага супрацоўніцтва зь Беларусьсю, кантактаў паміж людзьмі, атамнай энэргетыкі.

Цяпер рэкамэндацыі павінны зацьвердзіць на сэсіі Эўрапарлямэнту, а потым накіраваць вярхоўнаму прадстаўніку Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэпу Бурэлю, у Эўракамісію і ва ўрады краін-сябраў Эўразьвязу.

21 верасьня ў камітэце прайшлі слуханьні па сытуацыі ў Беларусі, на якіх выступілі экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, а таксама сябры Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова і Павал Латушка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG