Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат палітвязьня Віктара Бабарыкі заявіў пра адсутнасьць «істотных сьледчых дзеяньняў» і блякаваньне лістоў з волі


Віктар Бабарыка, 22 траўня 2020 году.
Віктар Бабарыка, 22 траўня 2020 году.

Прад’яўленае Віктару Бабарыку абвінавачаньне дагэтуль не дазваляе абароне зразумець, якія менавіта дзеяньні інкрымінуюцца экс-банкіру і экс-прэтэндэнту ў прэзыдэнты, паведаміў БелаПАН адвакат Дзьмітры Лаеўскі.

Адвакат нагадаў, што ў сувязі з падпіскай аб невыдаваньні ён па-ранейшаму ня можа называць нават артыкулы абвінавачваньня, хоць яны даўно апублікаваныя ў адкрытым доступе.

«Гэтая падпіска істотна абцяжарвае камэнтары пра справу», — падкрэсьліў ён. Па словах Лаеўскага, у жніўні і верасьні абарона падавала і падае скаргі з розных нагод.

«Генпракуратура довады скаргаў не разглядае, у атрыманых адказах мы ня бачым ацэнкі нашых довадаў па сутнасьці і якой-небудзь законнай аргумэнтацыі», — сказаў ён.

Адвакат адзначыў, што са жніўня нейкіх істотных для боку Бабарыка сьледчых дзеяньняў зь яго ўдзелам не праводзілася.

«Як адзначалася раней, прад’яўленае абвінавачаньне не дазваляе зразумець, якія менавіта дзеяньні яму інкрымінуюцца. Безумоўна, гэта істотнае парушэньне права на абарону. Гэтым і вызначаецца, перш за ўсё, неабгрунтаванасьць крымінальнага перасьледу. Акрамя таго, нават тыя фармулёўкі, якія выстаўлены ў абвінавачваньні, з пункту гледжаньня закону выклікаюць вялікія сумневы, бо зь іх незразумела, якія факты і якія менавіта нормы права пакладзены ў аснову абвінавачаньня. Усе гэтыя праблемы не ліквідаваныя, у сувязі з чым абарона канстатуе незаконнасьць крымінальнага перасьледу »,-- расказаў абаронца.

«Мы перакананыя, што ва ўмовах адкрытага і публічнага разбору невінаватасьць Віктара Дзьмітрыевіча ва ўсім, што яму інкрымінавалася, была б відавочная», — заявіў адвакат.

Лаеўскі таксама паведаміў, што ў Віктара Бабарыка «нармальнае самаадчуваньне і настрой пастаяннай гатоўнасьці адстойваць сваю правату, гэта значыць добры настрой».

«Вядома, трэба разумець, што пытаньне аб настроі заўсёды спалучаны з тым, што чалавек знаходзіцца ў СІЗА без законных для гэтага падстаў, ад гэтага вельмі цяжка абстрагавацца. Але Віктар Дзьмітрыевіч добра трымаецца», — сказаў адвакат.

Лаеўскі адзначыў, што апошнім часам ёсьць сур’ёзныя складанасьці зь перапіскай: лісты да Бабарыка толкам не прапускаюць, і ад яго лістоў да людзей даходзіць вельмі мала. Ёсьць праблемы з атрыманьнем газэт, кніг і г. д. Разам з тым адвакат падкрэсьліў, што ўсё гэта «не адмяняе важнасьці» пісаць лісты і паштоўкі ў падтрымку Віктара Бабарыкі ды іншых людзей пад вартай.

Хто такі Віктар Бабарыка

Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард знаходзяцца пад вартай ужо тры месяцы. Былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» быў затрыманы 18 чэрвеня праз падазрэньне ў эканамічных злачынствах і ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ.

Яму прад’яўлена абвінавачаньне паводле трох артыкулаў КК: ч. 2 арт. 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў) і ч. 2 арт. 431 (дача хабару).

«Міжнародная амністыя» прызнала Бабарыку палітычным зьняволеным.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG