Вядомы расейскі журналіст і публіцыст Аляксандр Няўзораў адказаў на рэпліку папулярнага расейскага спартовага камэнтатара і блогера Васіля Уткіна аб пратэстах у Беларусі.
«Пратэсты ў Беларусі? Я за гэты час ужо стаміўся б хадзіць па вуліцах. Мая цікавасьць да гэтага згасае», — казаў спартовы камэнтатар. Няўзораў адказаў:
«Так, гэтая рэвалюцыя разьвіваецца ня так, як бы мне хацелася, і ня так, як бы мне бачылася. Але гэта зусім ня важна! У дадзеным выпадку тут трэба ставіцца да паўстанцаў і пратэстоўцаў толькі як да людзей, якім на дадзены момант мы чартоўскі патрэбныя... Таму і ў цябе, Васіль, у чалавека ўсё роўна для вельмі многіх людзей аўтарытэтнага, зь вельмі слушнай пазыцыяй па мностве пытаньняў, няма ніякага права ў дадзеным выпадку на расчараваньне, на стомленасьць, на індыфэрэнтнасьць — не. Вось цяпер ёсьць толькі „Жыве Беларусь!“ і нічога больш... Ня час мудрагеліць... Зразумей, яны ў закладніках ва ўласнага далікацтва, у свайго высакародзтва... „Жыве Беларусь“, і ўсё на тым.
Мы заўсёды разглядалі Лукашэнку як бяскрыўднага, сымпатычнага фэрмэра і пэрсанажа з агароду... І ніхто да яго ніякіх прэтэнзій не выстаўляў і не выстаўляў бы, калі б ня высьветлілася, які ён нядобры чалавек... Ні ў цябе, ні ў мяне, ні ў любога здаровага чалавека няма права на разважаньні», — цытуе Няўзорава беларускі спартовы партал Tribuna.com.